Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам сітуацыю з Венесуэлай. Ён параўнаў патэнцыйны канфлікт з Венесуэлай з вайной у В’етнаме. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню пастаянны прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў. Паводле яго слоў, гаворка ішла пра тое, як Лукашэнка можа паспрыяць таму, каб не пачалася яшчэ адна вайна.
“Венесуэла абмяркоўвалася, паколькі ўсе мы выдатна ведаем, што ў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі былі цудоўныя адносіны з папярэднім кіраўніцтвам Венесуэлы, з Чавесам, з цяперашнім прэзідэнтам, з Мадурам. Якім чынам Беларусь можа паспрыяць і асабіста Аляксандр Рыгоравіч таму, каб, не дай бог, не пачалася яшчэ адна вайна ў свеце?” — сказаў Рыбакоў.
Ён падкрэсліў, што Лукашэнка з гэтай нагоды выказваўся максімальна шчыра.
“І прэзідэнт Беларусі вельмі шчыра размаўляў з амерыканскай дэлегацыяй на гэтую тэму і папярэдзіў пра тое, што ўцягванне Амерыкі ў падобную вайну проста будзе азначаць паўтарэнне В’етнама для Амерыкі, што не цікава нікому і не патрэбна ні амерыканскаму народу, ні венесуэльскаму тым больш, ні, уласна, усяму сусветнаму супольніцтву”, — сказаў ён.
Нагадаем, у апошнія тыдні Аляксандр Лукашэнка двойчы сустракаўся з паслом Венесуэлы ў Расіі. Напрыканцы лістапада, прымаючы дыпламата, ён сказаў, што Нікаласа Мадуру заўсёды будуць рады бачыць у Беларусі. Другая сустрэча адбылася на гэтым тыдні. З апублікаванага прывітальнага слова Лукашэнкі вынікала, што венесуэльскі дыпламат у прамежку паміж дзвюма сустрэчамі ездзіў на радзіму і ўзгадняў нейкія пытанні з Нікаласам Мадурам.
За час, які прайшоў паміж сустрэчамі Лукашэнкі і венесуэльскага пасла, таксама стала вядома пра размову Нікаласа Мадуры і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. СМІ пісалі, што Мадуру было прапанавана пакінуць Венесуэлу. Ён быў гатовы сысці праз 1,5 года, але амерыканскі бок гэта нібыта не задаволіла. Напрыканцы лістапада і на пачатку снежня ЗША працягнулі ўзмацняць ціск на Венесуэлу. У сераду Дональд Трамп абвясціў пра захоп падсанкцыйнага танкера з нафтай ля берагоў Венесуэлы.