У Вільні ўвечары 25 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў двухбаковаю сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Ціханоўская ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду, адзначыла выключнае асабістае лідарства прэзідэнта Зяленскага і падзякавала за моцную прамову на цырымоніі памяці паўстанцаў 1863 года, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Яна падзякавала прэзідэнту за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і за тое, што кіраўніцтва Украіны аддзяляе беларусаў ад рэжыму. Ціханоўская асобна ўзгадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, а таксама партызанаў, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны, а таксама беларусаў ва Украіне. Беларуская лідарка таксама асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў.
Ціханоўская падзякавала прэзідэнту, а таксама яго камандзе (у прыватнасці, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта — Кірылу Буданаву) за прыём апошняй групы вызваленых палітвязняў. Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, далейшыя крокі і гатоўнасць Украіны і надалей аказваць падтрымку падобнага кшталту.
Ціханоўская і Зяленскі таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку, сумесную стратэгію з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і памагатых рэжыму, у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей.
Ціханоўская прапанавала прызначыць спецыяльнага пасланніка па Беларусі, як гэта зрабілі многія іншыя дэмакратычныя краіны, а таксама больш цеснае супрацоўніцтва з Місіяй дэмакратычных сіл у Кіеве. Таксама быў абмеркаваны візіт Ціханоўскай ва Украіну: прэзідэнт Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў.
Ціханоўская падкрэсліла, што лёсы вольнай Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя, і што яна, яе каманда і АПК будуць рады яшчэ больш цеснаму супрацоўніцтву з Украінай.

