Зяленскі заявіў, што гатовы правесці выбары ва Украіне

Галоўнае
Фото: president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на заяву Дональда Трампа пра неабходнасць правесці прэзідэнцкія выбары ва Украіне і заявіў, што ён гатовы да іх, калі будзе арганізавана бяспека і створана заканадаўчая база.

Зяленскі падкрэсліў, што пытанне выбараў ва Украіне залежыць ад украінскага народа, а не ад іншых дзяржаў. Ён адзначыў, што не трымаецца за ўладу.

«Скажу шчыра, што да выбараў я гатовы. Калі стаіць пытанне, што, я чуў такія намёкі, што мы трымаемся за ўладу, ці я асабіста за крэсла прэзідэнта, і таму я трымаюся за гэта, і таму не заканчваецца вайна, гэта, калі шчыра, гэта абсалютна неадэкватная гісторыя», — сказаў Зяленскі на прэс-канферэнцыі 9 снежня.

Для правядзення выбараў украінцам павінна быць гарантаваная бяспека, а таксама павінна быць зменена заканадаўства аб выбарах падчас ваеннага становішча.

«Для таго, каб правесці выбары, ёсць два пытанні. Перш за ўсё, бяспека. Як гэта правесці? Як гэта зрабіць пад ударамі, пад ракетамі? Што да нашых вайскоўцаў. Пытанне — яны будуць галасаць? …

І другое пытанне — заканадаўчая аснова для легітымнасці правядзення выбараў. І, паколькі гэтае пытанне сёння падымае прэзідэнт ЗША, нашы партнёры, я адказваю вельмі коратка: я гатовы да выбараў.

Мала таго, я прашу зараз, заяўляю гэта адкрыта, ЗША дапамагчы мне, можна разам з еўрапейскімі калегамі, арганізаваць бяспеку для правядзення выбараў. І тады ў наступныя 60–90 дзён Украіна будзе гатовая да правядзення выбараў», — заявіў Зяленскі. Ён дадаў, што асабіста мае «волю і гатоўнасць» да правядзення выбараў.

Паводле слоў Зяленскага, ён прапануе дэпутатам Рады падрыхтаваць заканадаўчыя прапановы аб змене заканадаўчых асноў і закона аб выбарах падчас ваеннага становішча.

Ён падкрэсліў, што чакае прапаноў ад партнёраў Украіны і ад дэпутатаў і гатовы ісці на выбары.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны