Палітвязнямі ў Беларусі прызнаны яшчэ 11 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта Дзмітрый Новікаў, Наталля Краўчак, Раман Карпаў, Іван Петраневіч, Дзмітрый Кондрусь, Ігар Дзегцяронак, Уладзімір Магронаў, Аляксей Чарэшнеў, Аляксандр Яўдаха, Дзмітрый Колас і Вацлаў Багдановіч. Усе яны пазбаўлены волі ў сувязі з узаемадзеяннем з ініцыятывамі, прызнанымі ўладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Сярод іх — выдаўцы і кнігараспаўсюднікі, затрыманыя падчас лютаўскай хвалі рэпрэсій супраць беларускай кніжнай галіны. Вацлаў Багдановіч — заснавальнік выдавецтва «Тэхналогія», якое выпускала кнігі з канца 1980-х гадоў. Дзмітрый (Зміцер) Колас — заснавальнік аднайменнага выдавецтва, якое спецыялізавалася на беларускамоўных перакладах сусветнай літаратуры. Аляксандр Яўдаха займаўся кнігараспаўсюджваннем з 2000-х гадоў і працаваў з многімі незалежнымі выдавецтвамі.
Праваабаронцы запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх названых людзей, а таксама ўсіх палітвязняў у Беларусі, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
