Мікіта Забуга атрымаў медаль «Гонар і Годнасьць» па рэкамендацыі прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне Вадзіма Кабанчука. Пра гэта сёння Reform.news паведаміў прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі ў адказ на запыт, накіраваны ў прэс-службу АПК 1 чэрвеня 2026 года (поўны адказ у канцы артыкула).
Узнагароджанне адбылося 26 мая 2026 года ў Кіеве падчас першага візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну. Мікіта Забуга выступаў фронтмэнам мерапрыемства і з’явіўся ў форме неіснуючай Беларускай вызвольнай арміі (БВА) у званні падпалкоўніка. Ён быў сярод 11 чалавек, якія атрымалі ўзнагароду, але менавіта яго ўзнагароджанне выклікала гарачыя спрэчкі ў асяроддзі добраахвотнікаў і дэмакратычным руху.
У афіцыйным паведамленні АПК пра ўзнагароджанне Забуга згадваецца пад пазыўным «Аксон». Яго апісалі так: “ваяр Палка Каліноўскага, ветэран. Адзін з заснавальнікаў Геральдычнай рады «Пагоня» і ЧВК-«Беларуская вызвольная армія».
У адказ на гэта прадстаўнік Савета камандзіраў Палка Каліноўскага Павел “Дзядзька” Шурмей у каментары “Еўрарадыё” заявіў, што такія ўзнагароджанні абясцэньваюць узнагароды і ператвараюць іх у звычайныя сувеніры.
Ён пацвердзіў, што Забуга праслужыў у Палку Каліноўскага 6 месяцаў і 15 дзён — са снежня 2024 года па чэрвень 2025-га. У гэты тэрмін уваходзіла базавая вайсковая падрыхтоўка. 22 лютага 2025 года Забуга трапіў у падраздзяленне БПЛА на Запарожскім напрамку. Спачатку ён выконваў абавязкі сяржанта па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, гэта значыць адказваў за склад. З 15 мая стаў кіроўцам разлікаў БПЛА. Пасля чаго перапыніў кантракт і праз тры месяцы атрымаў пасведчанне ветэрана баявых дзеянняў.
“Мікіта Забуга ўвесь час выкарыстоўвае назву, аўтарытэт і сімволіку Палка ў сваіх асабістых мэтах. Мы не давалі яму на гэта згоды. А ягоны тэрмін службы не дае яму такога права”, – сказаў Шурмей.
Ён дадаў, што Полк Каліноўскага — баявое падраздзяленне, і яго мэта — знішчаць ворага, а не імітаваць бурную дзейнасць у тыле.
“Любыя словы Забугі і БВА пра нейкае “партнёрства” з Палком або працу “ў нашых інтарэсах” — гэта чыстая хлусня і маніпуляцыя”, – дадаў ён.
Гэта не першая ўзнагарода, якую Забуга атрымлівае ад АПК. Раней ён быў узнагароджаны медалём “За плённую працу на карысць Беларусі”.
Нагадаем, узнагароды распрацавала і вырабіла лімітаваную партыю тая самая «Геральдычная рада «Пагоня», якую ўзначальвае Мікіта Забуга.
***
Вітаю, шаноўны спадар Фёдар.
Дзякуй за вашу цікавасць да тэмы ўзнагарод Аб’яднанага Пераходнага кабінета. Хаця тая інфармацыя, якую вы запытваеце, ужо агучвалася ў беларускіх незалежных медыя, па тэме запыту маю адказаць наступнае.
Прадстаўленні на ўзнагароды вайсковаслужбоўцаў і ветэранаў вайны ва Украіне для ўрачыстай цырымоніі ў Кіеве падрыхтаваў былы намеснік камандзіра Палка Кастуся Каліноўскага і прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук.
Па выніках дадзенага хадайніцтва рашэнне аб узнагароджанні прымалася калегіяльным рашэннем прадстаўнікоў АПК.
У адносінах да ветэрана ПКК з пазыўным “Аксон” рашэнне было прынята паводле агульнай працэдуры з улікам пацвярджэння факта яго ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне і наяўнасці рэкамендацый ад Прадстаўніка Кабінета. З улікам лагістычных праблем з узнагароджаннем тых байцоў, якія знаходзяцца на баявой лініі сутыкнення, пераважны акцэнт на апошняй цырымоніі быў зроблены на існых ветэранах і валанцёрах дабраахвотніцкага руху. Самім фактам свайго непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Збройных сіл Украіны і арганізацыі сістэмы вайскова-гуманітарнай падтрымкі гэтыя людзі заслужылі права на атрыманне ўзнагарод медалём “Гонар і Годнасць” ад АПК. Мы разлічваем, што з цягам часу большасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне атрымае належную ўзнагароду за свой удзел як з боку ўкраінскай, так і беларускай дзяржавы. Працэс намінавання і ўзнагароджання медалямі АПК таксама будзе працягвацца і надалей.
На дадзены момант няма падстаў сумнявацца ў адэкватнасці рэкамендацый па ўзнагароджанні беларускіх ветэранаў, байцоў і валанцёраў, якія прымалі і прымаюць удзел у вайне ва Украіне, у тым ліку гэта тычыцца і ветэрана падраздзялення ПКК з пазыўным “Аксон”. Лічым, што інфармацыя, якая друкавалася ў СМІ з гэтай нагоды, не аспрэчвае самога факта яго ўдзелу ў баявых дзеяннях і такім чынам заслужанасці ўзнагароды.
з павагай,
Pavel Barkouski
Ph.D, Representative of the
Office for National Revival,
United Transitional Cabinet of Belarus
