Беларусь паведаміла літоўскаму боку пра тое, што валодае фота чалавека, які нібыта запусціў разведвальны дрон з бела-чырвона-белымі сцяжкамі з тэрыторыі Літвы. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Вальфовіч настойваў на тым, што дрон заляцеў на тэрыторыю Беларусі з тэрыторыі Літвы. Ён назваў гэта правакацыяй.
«Прэзідэнт паставіў задачу правесці дэтальнае расследаванне гэтага інцыдэнту. Факты навідавоку, як мы кажам. Траекторыя, якая закладзена ў “мазгі” гэтага беспілотнага лятальнага апарата, была дакладна раскрытая. Беспілотнік узляцеў з тэрыторыі Літвы. Як гэта можна назваць, як не правакацыяй? Замест таго, каб урэгуляваць канфлікт, гэта пасыл да раздзьмування канфлікту. Можна, вядома, з гэтага таксама было раздзьмуць палітычны скандал, але мы не хочам сварыцца з суседзямі», — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі.
Ён яшчэ раз заявіў, што пасля Беларусі беспілотнік нібыта павінен быў паляцець у Польшчу, каб «сутыкнуць лбамі абедзве дзяржавы».
«Чалавек, які запускаў беспілотнік, раскрыты па камерах. Ідзе пошук гэтага аператара беспілотнага лятальнага сродку. То-бок па лініі спецслужбаў работа працягваецца. Натуральна, па дыпламатычных каналах кіраўніцтва Літвы апавешчана. Адказу, па-мойму, не паследавала. Мы ім кажам: хочаце знайсці рашэнне гэтага пытання — трэба сядаць за стол перамоваў. Трэба шукаць кантрабандыстаў на тэрыторыі Літвы, якія арганізуюць перш за ўсё гэта. Шукаць тых, хто дапамагае ім на тэрыторыі Беларусі. Але без канструктыўнага ўзаемадзеяння спецслужбаў, праваахоўных органаў гэтае пытанне вырашыць нельга», — падкрэсліў Вальфовіч.
Далей беларускі чыноўнік перайшоў да пераказу асноўных прапагандысцкіх тэзісаў пра тое, што літоўцы самі вінаватыя ў тым, што на іх тэрыторыю залятаюць шары.
«Факты на стол, як прэзідэнт кажа. Пакажыце шары, куды яны падаюць, з чым яны падаюць, чым яны начынены. Ніякай канкрэтнай інфармацыі з боку кіраўніцтва Літвы па гэтым пытанні няма. І жадання, відаць, у палітычнага кіраўніцтва Літвы вырашыць гэты канфлікт няма. Ім гэта выгадна, гэта ім патрэбна. Таму і раздзьмуваюць гэтую сітуацыю, паказваючы, якія яны бедныя, якія яны няшчасныя, што яны абараняюць межы Еўразвязу. Вось дзе крыецца глыбокая прычына ўсяго», — падсумаваў дзяржсакратар.
***
Нагадаем, МЗС Беларусі паведаміла, што 30 лістапада з Літвы ў Беларусь заляцеў дрон і ўпаў у Гродна. Беларусь назвала тое, што адбылося, «наўмыснай правакацыяй». МУС заявіла, што беспілотнік быў абсталяваны «фота- відэакамерай з магчымасцю збору разведвальных даных» і скінуў «экстрэмісцкую» прадукцыю — бела-чырвона-белыя сцяжкі. Літоўскі вытворца беспілотнікаў Granta Autonomy прызнаў, што паказаны на беларускім ТБ дрон падобны на яго старую мадэль Hornet XR, але быў мадыфікаваны.
Міністр абароны Літвы назваў фэйкам заявы Беларусі пра дрон.