Сейм Латвіі сёння ў канчатковым чытанні прыняў новы закон аб іміграцыі, істотна перагледзеўшы дзеючае рэгуляванне ў гэтай сферы. Асноўныя палажэнні закона набудуць моц 1 студзеня 2027 года, піша Delfi.
Закон накіраваны на ўмацаванне дзяржаўнай бяспекі, павышэнне эфектыўнасці міграцыйнага кантролю і выкананне патрабаванняў Еўрасаюза. Новае рэгуляванне ахоплівае ўезд, знаходжанне, працаўладкаванне, інтэграцыю і працэдуры выдварэння грамадзян трэціх краін.
Закон прадугледжвае ўвядзенне скрынінгу грамадзян трэціх краін на знешніх межах, больш шырокае выкарыстанне біяметрычных даных і абмен інфармацыяй з базамі даных ЕС. Удакладнены парадак выдачы віз і відаў на жыхарства, пашыраны падставы для адмовы і анулявання дакументаў у выпадках пагрозы грамадскаму парадку або бяспецы. Да ўезду ў краіну іншаземцы будуць абавязаныя прадастаўляць інфармацыю пра мэту візіту і ўмовы знаходжання.
Закон таксама замацоўвае сістэму інтэграцыйных патрабаванняў, уключаючы праграму ранняй інтэграцыі і веданне латышскай мовы, узмацняе кантроль за працаўладкаваннем і навучаннем іншаземцаў і павышае адказнасць працадаўцаў і навучальных устаноў.