Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў даручыў унутраным войскам максімальна задзейнічаць цяжкую тэхніку для дапамогі ва ўборцы снегу і аказання садзейнічання грамадзянам ва ўмовах складанага надвор’я. Такое рашэнне прынята па выніках селектарнай нарады з кіраўніцтвам тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і Дзяржаўтаінспекцыі, паведамляе прэс-служба МУС.
Паводле ўказання кіраўніка ведамства асабовы склад ДАІ і падраздзяленняў, задзейнічаных у забеспячэнні парадку на дарогах і ліквідацыі наступстваў стыхіі, пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. На базе ГУДАІ МУС разгорнуты рэспубліканскі аператыўна-сітуацыйны штаб, аналагічныя штабы створаны ў рэгіёнах. У іх склад, апроч супрацоўнікаў ДАІ, уключаны прадстаўнікі падраздзяленняў міліцыі грамадскай бяспекі і Унутраныя войскі МУС Беларусі.
Кубракоў даручыў кіраўніцтву ўнутраных войскаў максімальна вывесці на дарогі ўсюдыходы, БТРы, машыны «Волат», «Тыгр» і іншую цяжкую тэхніку для дапамогі камунальным службам і грамадзянам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Асобна пастаўлена задача аказваць дапамогу ва ўборцы снегу пенсіянерам і ветэранам.
Таксама даручана правесці рэвізію ўсёй наяўнай спецыяльнай тэхнікі і засяродзіць яе ў распараджэнні ДАІ. У МУС адзначылі, што некаторыя ўчасткі дарог, у тым ліку абласнога і рэспубліканскага значэння, будуць закрывацца для іх расчысткі.
Акрамя таго, дадзена ўказанне забяспечыць уборку асабістага транспарту з дваровых тэрыторый і абочын; безгаспадарчыя аўтамабілі будуць эвакуяваныя. Ведамства ўзаемадзейнічае з падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях і прамысловымі прадпрыемствамі для прыцягнення дадатковай тэхнікі.
У МУС нагадалі, што пры нязначных ДТЗ вадзіцелі могуць скарыстацца еўрапратаколам без выкліку ДАІ. Кансультацыі даступныя па кругласутачнай гарачай лініі 140.

