Украінскія памежнікі не назіраюць перамяшчэння тэхнікі або нарошчвання войскаў на тэрыторыі Беларусі паблізу ўкраінскай мяжы. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка, піша «Укрінформ».
«Падцягвання войскаў няма. Яшчэ з 2022 года Беларусь трымае на асобных напрамках свае падраздзяленні, тады яны заявілі, што гэта з мэтай узмацнення сваёй бяспекі, паколькі чакаюць нейкіх дзеянняў з боку Украіны, хоць Украіна ніколі не пагражала Беларусі і не плануе ажыццяўляць такія дзеянні. Таму ёсць тыя падраздзяленні, якія Беларусь і да гэтага трымала ў напрамку нашай мяжы. Яны ажыццяўляюць ратацыю, перамяшчэнне, але нарошчвання нават гэтых падраздзяленняў не адбываецца», – сказаў ён.
Дземчанка таксама ўдакладніў, што Расія ў цяперашні час не трымае на тэрыторыі Беларусі буйных сіл, у тым ліку пяхотных падраздзяленняў, здольных ажыццявіць паўторнае ўварванне з беларускай тэрыторыі. Разам з тым ён не выключыў правакацыйных дзеянняў з мэтай адцягнення ўкраінскіх сіл на гэты напрамак, а таксама магчымасці перакідкі расійскіх войскаў у Беларусь у любы момант.
Сітуацыю на беларускай тэрыторыі пільна адсочваюць падраздзяленні разведкі, Міністэрства абароны і Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, дадаў ён.
