Узбекскія прадпрымальнікі з Андыжанскай вобласці зарэгістравалі прадпрыемства ў Бешанковіцкім раёне.
ТАА “АндыжанАгра” ўжо выбрала пляцоўкі на ферме “Рассвет”, паведаміў БелТА першы намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Самахвалаў. Паводле яго слоў, плануецца закупіць 200 бычкоў у гаспадарак “Вядзерава” і “ПалітаддзелецАгра”, а ў далейшым нарасціць пагалоўе да 1000 галоў. Спатрэбіцца рэканструяваць пяць памяшканняў.
Таксама новая юрыдычная асоба збіраецца займацца раслінаводствам. Папярэдне намечаныя пасяўныя плошчы: 1,2 тыс. га пад бульбу і 800 га пад пшаніцу. Пакуль канчатковае рашэнне яшчэ не прынята.
Кармы на пачатковым этапе будуць закупляць у беларускіх пастаўшчыкоў. Мяркуецца набыць беларускую сельгастэхніку, а частку яе арандаваць у раёне.
