Украіна накіравала дзясяткі зваротаў супраць допуску спартсменаў Беларусі і Расіі пад нацыянальнай сімволікай

Галоўнае
Фото: unsplash.com

Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны сумесна з Міністэрствам моладзі і спорту і нацыянальнымі федэрацыямі накіравалі 30 афіцыйных лістоў у міжнародныя спартыўныя федэрацыі з патрабаваннем не дапускаць спартсменаў Расіі і Беларусі да спаборніцтваў пад дзяржаўнымі сцягамі, гімнамі і нацыянальнай сімволікай.

Падставай стала рашэнне Выканаўчага камітэта Міжнароднага алімпійскага камітэта ад 7 мая 2026 года аб змяненні рэкамендацый па допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў пад нацыянальнай сімволікай. Як адзначаюць у НАК Украіны, пасля гэтага шэраг міжнародных федэрацый пачаў разглядаць магчымасць вяртання пад дзяржаўнымі сімваламі не толькі спартсменаў Беларусі, але і Расіі.

Звароты былі накіраваныя ў федэрацыі па боксе, валейболе, дзюдо, хакеі, стральбе, ветразным спорце, веславанні, канькабежным спорце, баскетболе, веласпорце, конным спорце, бабслеі і скелетоне, барацьбе, фігурным катанні, сучасным пяцібор’і, плаванні, тэнісе, веславанні на байдарках і каноэ, лёгкай атлетыцы, ролікавым спорце, трыятлоне, стральбе з лука, амерыканскім футболе, бейсболе, санным спорце, рэгбі, скалалажанні, цяжкай атлетыцы і футболе.

У лістах украінскі бок указаў, што рашэнні аб допуску спартсменаў краін-агрэсараў прымаюцца ва ўмовах, калі Расія працягвае вайну супраць Украіны, а Беларусь застаецца саўдзельнікам агрэсіі, прадастаўляючы сваю тэрыторыю і інфраструктуру для ваенных дзеянняў. Украіна таксама звярнула ўвагу на наступствы вайны для айчыннага спорту: разбурэнне спартыўнай інфраструктуры і гібель больш як 600 спартсменаў і трэнераў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Украінскі бок заклікаў федэрацыі ўлічваць дзеючае рашэнне МАК аб адхіленні Алімпійскага камітэта Расіі, прынятае ў 2023 годзе, а таксама высновы Сусветнага антыдопінгавага агенцтва аб сістэмных парушэннях антыдопінгавых правілаў у расійскім спорце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.