З 6 мая ў Мінску запрацаваў комплекс фіксацыі правапарушэнняў «СКАТ», прызначаны для кантролю хуткасці сродкаў персанальнай мабільнасці. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў, піша БелТА.
Комплекс фіксуе перавышэнне хуткасці і перадае інфармацыю супрацоўнікам ДАІ на планшэт для спынення парушэння. Пакуль «СКАТ» працуе ў тэставым рэжыме. Пры першым парушэнні прымяняюцца прафілактычныя меры — папярэджанне або гутарка, пры паўторным — адміністрацыйная адказнасць у поўным аб’ёме.
Ротчанкаў адзначыў станоўчую дынаміку: з пачатку 2026 года колькасць ДТЗ з удзелам СПМ скарацілася больш чым на 40% у параўнанні з тым жа перыядам 2025 года, а з удзелам веласіпедыстаў — больш чым удвая.
Нагадаем, з 1 верасня 2025 года для ўладальнікаў СПМ у населеных пунктах устаноўлена абмежаванне хуткасці 10 км/г, за выключэннем веладарожак. Абмежаванне ўведзена пасля аналізу аварыйнасці. Толькі ў Мінску за 2025 год зафіксавана каля 500 сутыкненняў карыстальнікаў СПМ з пешаходамі і веласіпедыстамі.