У ДДБ лічаць, што ў барацьбе з метэазондамі Літва павінна спадзявацца на ўласныя сілы

Навіны
Ремигиюс Бридикис. Фото: vsd.lt

У сувязі з аднаўленнем прылётаў метэазондаў з Беларусі і трохразовым прыпыненнем працы Вільнюскага аэрапорта літоўская выведка не фіксуе зменаў у палітыцы мінскага рэжыму па гэтым пытанні. Пра гэта заявіў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Рэмігіюс Брыдыкіс, піша LRT.

«Нашы даныя не паказваюць зменаў у параўнанні з тым, пра што мы, здаецца, казалі некалькі тыдняў таму. Каб з боку суседзяў арганізоўвалася нейкая спецыфічная дзейнасць — мы гэтага не бачым, але гэта не азначае, што гэтага няма», — сказаў ён сёння журналістам у Сейме.

Паводле слоў Брыдыкіса, пасля перамоваў беларускага і амерыканскага бакоў рэжым спрабаваў стварыць бачнасць барацьбы з метэазондамі. Тым не менш літоўскаму боку, на думку кіраўніка ДДБ, варта больш спадзявацца на ўласныя сілы.

«Я больш схільны верыць расследаванням і намаганням, якія цяпер праводзяцца нашымі ведамствамі, (…) таму, як мы ўнутры зможам спраўляцца і заўважаць, хто гэтыя шары тут забірае і якая гэта сетка. Магчыма, давайце больш факусавацца на нашых магчымасцях, нашай мэце, згуртаванасці, чым на тым, што там робіць рэжым, бо ўмовы, як я і кажу, з боку рэжыму не змяніліся. У іх ёсць свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы, верагодна, яшчэ нікуды не зніклі», — адзначыў ён.

Нагадаем, у ноч з аўторка на сераду быў зафіксаваны самы масавы налёт метэазондаў у Літву з пачатку гэтага года — з Беларусі заляцелі 42 паветраныя шары. З-за гэтага прыпынялася праца аэрапорта ў Вільнюсе. Да раніцы былі знойдзены восем метэазондаў.

Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва перадасць інфармацыю ЗША для пошуку сумесных рашэнняў.

Раней прэм’ер-міністр Літвы заяўляла, што праблему з паветранымі шарамі з Беларусі ўдалося вырашыць пры дапамозе ЗША.

У Літве не выключылі магчымасць абмежаваць перасячэнне мяжы пры паўторных інцыдэнтах з метэазондамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны