Трамп адмяніў удары па Іране і заявіў пра хуткае падпісанне пагаднення

Галоўнае
Official White House Photo by Daniel Torok

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у чарговы раз адмяніў “запланаваныя” ўдары па Іране. Ён таксама заявіў пра хуткае падпісанне пагаднення.

“У сувязі з тым, што перамовы з Ісламскай Рэспублікай Іран былі вынесены на самы высокі ўзровень іранскага кіраўніцтва і ўхвалены, я, як прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, адмяніў запланаваныя на гэты вечар удары і бамбардзіроўкі па Іране.

Абмеркаванні і заключныя пункты былі ўхвалены ўсімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы Злучаныя Штаты, Ізраіль, Саудаўскую Аравію, ААЭ, Катар, Турцыю, Пакістан, Бахрэйн, Кувейт, Іарданію, Егіпет і іншых, як у канцэптуальным, так і ў дэталёвым плане. Марская блакада будзе заставацца ў сіле да завяршэння гэтай здзелкі. Час і месца падпісання будуць абвешчаны ў найбліжэйшы час”, — напісаў ён у сетцы Truth Social.

Пазней Трамп пацвердзіў журналістам, што плануецца падпісаць мемарандум аб узаемаразуменні, у якім будзе замацавана агульная канцэпцыя ўрэгулявання канфлікту.

“Гэта вельмі моцны мемарандум аб узаемаразуменні, там — агульная канцэпцыя. Лічу, што ён будзе падпісаны”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, затым спатрэбіцца дадатковае ўзгадненне некаторых аспектаў. Паводле інфармацыі СМІ, у дакуменце гаворыцца пра механізмы, якія спатрэбяцца для далейшых перамоў па ядзернай тэме і па тэме замарожаных іранскіх актываў.

Прадстаўнік МЗС Ірана Эсмаіл Багаі пацвердзіў узгадненне з ЗША часткі тэксту патэнцыйнага пагаднення.

«Працэс прыняцця рашэнняў у нашай краіне цалкам празрысты і дакладна вызначаны. Кампетэнтныя дзяржаўныя органы павінны ўважліва разгледзець і ўзгадніць кожны пункт тэксту і любыя магчымыя дамоўленасці. Як толькі будзе дасягнута канчатковае рашэнне, мы абавязкова афіцыйна абвесцім пра гэта», — сказаў ён.

«З самага пачатку нам была зразумелая сітуацыя вакол перамоў, і значная частка тэксту ўжо была ўзгоднена. Аднак амерыканскі бок неаднаразова змяняў свае пазіцыі.

Іран даказаў, што не ідзе на саступкі па пытаннях, якія вызначыў для сябе як «чырвоныя лініі», — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.