Нацыянальная пракуратура Польшчы і прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі падзяліліся падрабязнасцямі пра затрыманых Агенцтвам унутранай бяспекі (ABW) беларуса і паляка, якія здымалі на відэа акцыі беларусаў у Варшаве.
Як паведамілі ў пракуратуры, затрыманага грамадзяніна Беларусі завуць Аляксей Б., а грамадзяніна Польшчы — Рафал Г. Ім прад’яўлены абвінавачанні ў дзеяннях у інтарэсах замежнай разведкі ў 2024–2025 гадах у Варшаве і іншых месцах краіны.
“Як мінімум з мінулай восені яны ездзілі тут, у Варшаве, на розныя мерапрыемствы беларускай меншасці, уключаючы пратэсты, фестывалі. Там, падкрэсліваю, па ўказанні беларускіх спецслужбаў яны фатаграфавалі ўдзельнікаў, здымалі відэа і перасылалі іх праз усходнюю мяжу, каб беларускія спецслужбы, службы Лукашэнкі, выкарыстоўвалі ў сваіх карыслівых мэтах і, вядома ж, у прапагандысцкіх мэтах.
Варта адзначыць, што ў суда не было сумненняў. Таму паводле рашэння суда 19-гадовы беларус, які законна пражываў у краіне, працаваў тут, у Варшаве, афіцыянтам, правядзе наступныя тры месяцы пад вартай”, — сказаў Яцэк Дабжыньскі ў эфіры TVPinfo.
Польскі грамадзянін, як паведамлялася, застаецца на волі, пад паліцэйскім наглядам, яму забаронены выезд з краіны, у яго канфіскаваны пашпарт.
Паводле інфармацыі Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, у рамках расследавання ўжо былі затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку трое грамадзян Беларусі і двое — Украіны. Трое падазраваных знаходзяцца пад вартай з лістапада 2025 года, адзін змешчаны ў цэнтр утрымання непаўналетніх, адзін падазраваны памёр.
Дзейнасць фігурантаў каардынавалася праз Telegram. Аплату яны атрымлівалі ў крыптавалюце. Акрамя здымкі мерапрыемстваў беларусаў, таксама вялася здымка аб’ектаў “крытычнай інфраструктуры і іншых месцаў, якія маюць вырашальнае значэнне для бяспекі дзяржавы і яе грамадзян”.
“Атрыманыя такім чынам матэрыялы затым выкарыстоўваліся беларускім рэжымам у прапагандысцкіх мэтах”, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.