ABW затрымала беларуса і паляка, якія запісвалі на відэа акцыі беларусаў у Варшаве

Галоўнае
Фото: Reform.news

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) паведаміла пра затрыманне 27-гадовага грамадзяніна Беларусі і 44-гадовага грамадзяніна Польшчы, якія працавалі па замове замежных спецслужбаў.

Паводле інфармацыі ABW, заданні замежнай разведкі яны выконвалі за ўзнагароджанне.

“Іх дзейнасць уключала фота- і відэаздымку мерапрыемстваў, арганізаваных беларускай меншасцю ў Варшаве. Гэтыя матэрыялы затым выкарыстоўваліся ў прапагандысцкай дзейнасці беларускага рэжыму.

Гэта яшчэ адзін эпізод у справе, які дэманструе, як замежныя службы спрабуюць выкарыстоўваць нават законныя сацыяльныя і грамадзянскія падзеі для прасоўвання ўласных інтарэсаў. Мэта такой дзейнасці — не толькі збор інфармацыі, але і аказанне ціску, запалохванне эміграцыйных груп і ўзмацненне прапагандысцкага пасылу краін, варожых Польшчы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Суд пастанавіў заключыць грамадзяніна Беларусі пад варту на тры месяцы. У дачыненні да грамадзяніна Польшчы абраная мера стрымання, не звязаная з пазбаўленнем волі: яму забаронены выезд з краіны, прыпынена дзеянне пашпарта і ўстаноўлены паліцэйскі нагляд.

Адзначаецца, што гэтыя затрыманні сталі вынікам актыўнага следства, у рамках якога ў лістападзе мінулага года ўжо былі затрыманыя двое грамадзян Украіны і трое грамадзян Беларусі. Расследаванне працягваецца. ABW дапускае новыя арышты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.