Кіроўца мікрааўтобуса з беларускімі турыстамі, які разбіўся ў Грузіі, не меў правоў патрэбнай катэгорыі

Галоўнае
Фото: pog.gov.ge

Пракуратура Грузіі прад’явіла абвінавачанне кіроўцу мікрааўтобуса з беларускімі турыстамі, які трапіў у смяротнае ДТЗ 12 жніўня.

Трагедыя адбылася на 16-м кіламетры дарогі да горнага курорта Гомісмта ў муніцыпалітэце Озургеты. Расследаванне, праведзенае Міністэрствам унутраных спраў, паказала, што кіроўца перавозіў замежных турыстаў, не маючы адпаведнай катэгорыі вадзіцельскага пасведчання для перавозкі такой колькасці пасажыраў. Ён не забяспечыў бяспечнае кіраванне мікрааўтобусам, у выніку чаго аўтамабіль з’ехаў з праезнай часткі, зваліўся ў цясніну і ўрэзаўся ў дрэва. У выніку ДТЗ загінулі 4 чалавекі, яшчэ 16 пасажыраў атрымалі траўмы, сярод іх 6 непаўналетніх.

Кіроўцу затрымалі. Яму прад’яўлена абвінавачанне паводле часткі 8 артыкула 276 Крымінальнага кодэкса Грузіі аб парушэнні правілаў бяспекі дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула смерць больш чым двух чалавек. Артыкул прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пракуратура звярнулася ў суд з хадайніцтвам аб заключэнні абвінавачанага пад варту.

Нагадаем, пасля ДТЗ чацвярых пацярпелых ужо выпісалі з бальніц. Астатнія пацыенты застаюцца пад наглядам лекараў. Пытанне аб рэпатрыяцыі першых двух загінулых беларусаў маюць намер вырашыць у найбліжэйшы час. Целы яшчэ двух загінулых плануюць адправіць у Беларусь на пачатку наступнага тыдня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.