Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю этнакультурных традыцый «Зов Полесья» і пабываў у доме паляўнічага і рыбака. Падчас наведвання ён падзяліўся гісторыяй пра рыбалку на Прыпяці. Паводле яго слоў, каб выцягнуць вялікую рыбу, спатрэбілася прыкладна гадзіна.
«Я аднойчы ў вас рыбачыў на сома. Злавіў сома — 54 кг. Цэлую гадзіну вывуджваў. Выцягнулі яго багром, паклалі ў лодку, а ён сумнымі вачыма глядзіць. І пасля гэтага я на сома не рыбачу — перад вачыма гэтыя вочы. Шкада вялікую рыбу», — прыводзіць яго аповед прэс-служба.
Варта адзначыць, што ў 2013 годзе на нарадзе па пытаннях удасканалення правілаў палявання і рыбалоўства Лукашэнка называў вагу ў 57 кілаграмаў.
«Я асабіста 57-кілаграмовага сома выцягнуў. 57, 24 і 7 кілаграмаў — трох самоў злавіў», — заяўляў ён.
