Расійскі Арэнбург падвергся атацы беспілотнікаў. Як паведаміў мэр горада Альберт Юмадзілаў, некалькі БПЛА былі збітыя над асаблівай эканамічнай зонай, дзе размешчаны прамысловыя прадпрыемствы. Паводле яго слоў, у выніку атакі ніхто не пацярпеў.
“Абломкі ўпалі на тэрыторыю лагістычнага комплексу Ozon, адбылося ўзгаранне, якое аператыўна патушылі супрацоўнікі МНС”, – напісаў ён у тэлеграм-канале.
Нагадаем, у ноч на 22 жніўня ў выніку атакі БПЛА пацярпеў лагістычны комплекс Ozon у Чапаеўску Самарскай вобласці. На складзе адбыўся пажар. Кампанія паведаміла пра пацярпелых і эвакуацыю больш за 500 супрацоўнікаў. Праца аб’екта прыпыненая на нявызначаны тэрмін. Міністэрства абароны Украіны заявіла пра пачатак сістэматычных атак на лагістычныя аб’екты Ozon. У ведамстве нагадалі, што раней украінскія падраздзяленні паразілі 15 найбуйнейшых лагістычных хабаў Wildberries.
