Моцны вецер з парывамі да 24 м/с, які прайшоў па Беларусі 22 жніўня, прывёў да пашкоджанняў будынкаў, падзення дрэў і перабояў з электразабеспячэннем.
Паводле інфармацыі МНС, у Гродзенскай вобласці пашкоджаны дахі аднаго жылога дома, 8 сельскагаспадарчых і 2 адміністрацыйных будынкаў. У Мінскай вобласці пацярпелі дахі аднаго жылога і 2 сельскагаспадарчых будынкаў.
У выніку падзення дрэў траўмы атрымалі двое дзяцей у Мінскай вобласці. Каля Нясвіжа пацярпеў хлопчык 2014 года нараджэння, яго шпіталізавалі. Каля вёскі Маркаўшчына Мінскага раёна траўмаваны хлопчык 2016 года нараджэння. Пасля аказання медыцынскай дапамогі яго накіравалі на амбулаторнае лячэнне.
Усяго зафіксавана 488 выпадкаў падзення дрэў – 27 у Брэсцкай вобласці, 59 у Віцебскай, 134 у Гродзенскай, 233 у Мінскай, 8 у Магілёўскай вобласці і 27 у Мінску. Дрэвы, якія ўпалі, пашкодзілі 15 легкавых аўтамабіляў. МНС працягвае маніторынг абстаноўкі.
З-за непагадзі адбываліся перабоі з электразабеспячэннем. Як паведамлялі ў Мінэнерга, па стане на 00:00 23 жніўня без электрычнасці заставаліся 179 населеных пунктаў, 338 трансфарматарных падстанцый і 5 ферм.
Аднаўленчыя работы вяліся на 35 лініях электраперадачы 10 кВ, пяці лініях 35 кВ і дзвюх лініях 110 кВ. Таксама энергетыкі адпрацоўвалі 824 заяўкі па сетках 0,4 кВ. Да работ прыцягнулі 146 аварыйна-аднаўленчых брыгад, 182 адзінкі тэхнікі і 52 дызель-генератарныя ўстаноўкі.
У “Мінскэнерга” паведамілі, што без электразабеспячэння застаюцца 5 населеных пунктаў у Мінскім і Вілейскім раёнах. Акрамя таго, брыгады выехалі для аказання дапамогі ў Гродзенскую вобласць – рэгіён, які найбольш пацярпеў ад цыклону «Прыска».
У Гродзенскай вобласці аднаўленнем электразабеспячэння займаюцца каля 90 брыгад і столькі ж адзінак спецтэхнікі. На дапамогу мясцовым энергетыкам прыбылі спецыялісты з іншых абласных энергасістэм. Таксама выкарыстоўваліся больш за 20 дызельных і бензінавых генератараў. Асноўныя лініі электразабеспячэння ў Гродзенскай вобласці ўжо адноўлены, брыгады працягваюць працаваць па заяўках жыхароў у сетках 0,4 кВ, праінфармавалі ў “Гроднаэнерга”.
Энергетыкі працуюць у кругласутачным рэжыме да поўнага аднаўлення электразабеспячэння. Грамадзян папярэджваюць, што да абарваных правадоў нельга набліжацца бліжэй чым на 8 метраў. Пра пашкоджанні ліній электраперадачы неабходна паведамляць па тэлефонах 115 або 144.
