57-гадовы магілёўскі журналіст Яўген Глушкоў выйшаў на волю пасля адбыцця тэрміну. Пра гэта паведамляе «Позірк» са спасылкай на крыніцу. Адразу пасля вяртання ў Магілёў Глушкоў быў шпіталізаваны з трафічнай язвай. Перад вызваленнем ён таксама знаходзіўся ў бальніцы.
Глушкоў быў затрыманы 5 студзеня 2024 года. 31 ліпеня 2024 года журналіста прысудзілі да 3 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле артыкулаў аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім, а таксама аб удзеле або падрыхтоўцы да яго ва ўзброеных дзеяннях за межамі краіны. Глушкоў адбываў пакаранне ў турме №4 у Магілёве і папраўчай калоніі №2 у Бабруйску.
Паводле тых жа артыкулаў праходзіў іншы магілёўскі журналіст Аляксандр Сабалеўскі. Ён атрымаў 4 гады пазбаўлення волі.
