Прэм’ер-міністру Беларусі Аляксандру Турчыну давялося ляцець на важныя перамовы ў Санкт-Пецярбург на звычайным рэйсавым самалёце Embraer E195LR авіякампаніі «Белавія». Урадавы бізнес-джэт, які прадугледжаны для такіх рабочых візітаў, аказаўся заняты — борт знаходзіцца на фешэнебельным турэцкім курорце Бодрум і толькі ўвечары вернецца ў Мінск.
Сёння прэс-служба беларускага ўрада адчыталася аб рабочым візіце Турчына ў Расію для перамоў са старшынёй праўлення ПАТ «Газпрам» Аляксеем Мілерам. Паведамленне было дапоўнена відэа самалёта “Белавія”, гатовага да вылету. Гэта Embraer E195LR з бартавым нумарам EW-514PO.
У гэты ж час бізнес-джэт урада Беларусі з бартавым нумарам EW-301PJ вось ужо другі месяц выкарыстоўваецца як чартарны для палётаў на турэцкія курорты.
Мяркуючы па даных flightradar24.com, бізнес-джэт сёння ўвечары плануе вярнуцца ў Мінск з Бодрума.
Хто менавіта гэтыя пасажыры, дзеля якіх прэм’ер-міністр краіны можа пацярпець, пакуль невядома.
