Рынкевічс пра магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю: Мы пакідаем пытанне адкрытым

Галоўнае
Фото: president.lv

Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс наведаў латвійска-беларускую мяжу 17 жніўня. Ён азнаёміўся з бягучай сітуацыяй на мяжы, мерамі па прадухіленні міграцыйнага ціску, тэхнічным аснашчэннем памежнікаў і запланаванымі мерамі контрмабільнасці.

Рынкевічс заявіў, што эскалацыя сітуацыі на латвійска-беларускай мяжы ў апошнія месяцы звязаная з жаданнем рэжыму Лукашэнкі паўплываць на латвійскае грамадства напярэдадні парламенцкіх выбараў.

«Рэжым Лукашэнкі і не толькі — Расійская Федэрацыя таксама вельмі хоча паказаць, што латвійскія ўлады, нашы Узброеныя сілы, наша Памежная ахова, наша сістэма ўнутраных спраў і абароны не спраўляюцца з гэтым ціскам, і пасеяць у грамадстве пэўны недавер», — цытуе яго LSM.

Паводле слоў Рынкевічса, пытанне закрыцця пункта пропуску «Патэрніекі» на беларускай мяжы застаецца адкрытым.

«У цяперашні час мы пакідаем адкрытымі абсалютна ўсе магчымасці ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя. Калі ўзнікне такая неабходнасць, любое рашэнне будзе прынятае на ўзроўні Савета нацыянальнай бяспекі або ўрада», — заявіў прэзідэнт Латвіі. Ён дадаў, што скаргі з гэтай нагоды варта адрасаваць беларускім уладам і тым, хто праводзіць гібрыдную аперацыю супраць Латвіі.

Рынкевічс адзначыў тэхнічнае аснашчэнне мяжы, але звярнуў увагу, што для яе аховы не хапае людзей, паведамляе прэс-служба латвійскага прэзідэнта.

«Падчас візіту я пераканаўся, што да канца года латвійска-беларуская мяжа будзе цалкам абсталяваная тэхналогіямі, якія забяспечваюць больш эфектыўны памежны кантроль. Аднак для іх паўнавартаснага выкарыстання памежнай службе неабходныя дадатковыя кадравыя рэсурсы — да 200 супрацоўнікаў, каб забяспечыць хуткае рэагаванне.

Плот, датчыкі і відэаназіранне — гэта толькі адзін элемент, але па-ранейшаму патрэбныя памежнікі, здольныя хутка рэагаваць, асабліва ўлічваючы рэальныя сведчанні таго, як разбураецца інфраструктура нашых межаў. У адваротным выпадку інвестыцыі, укладзеныя ў тэхналогіі, не прынясуць рэальнай аддачы», — заявіў Рынкевічс.

Рынкевічс пра магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю: Мы пакідаем пытанне адкрытым
Фота: president.lv
Рынкевічс пра магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю: Мы пакідаем пытанне адкрытым
Фота: president.lv
Рынкевічс пра магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю: Мы пакідаем пытанне адкрытым
Фота: president.lv
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.