Нобелеўскі лаўрэат і праваабаронца Алесь Бяляцкі пракаментаваў вызваленне палітвязняў калег — Валянціна Стэфановіча, Марфы Рабковай і Насты Лойка.
«Я бязмежна рады, як і ўсе мае калегі, вызваленню нашых сяброў. (…) Тое, што мы чакалі — я непасрэдна апошнія тры месяцы, а мае калегі фактычна больш за пяць гадоў — тое і здзейснілася», — заявіў Бяляцкі.
“Тое, якія тэрміны ў іх былі — вялікая несправядлівасць. Гэтыя гады барацьбы за нашу свабоду, а ў апошнія месяцы канкрэтна за іх свабоду, далі свае плады. Іх вызваленне з’яўляецца вынікам намаганняў многіх людзей, арганізацый, дзяржаў, у тым ліку і нас, і нашых намаганняў: Праваабарончага цэнтра “Вясна” і іншых беларускіх праваабаронцаў. Сёння для нас радасны дзень, і разам з намі тысячы людзей таксама радуюцца гэтай навіне. Але мы не забываем, што за кратамі застаецца амаль тысяча палітвязняў. І мы працягваем змагацца за іх вызваленне”, — дадаў ён.
Член рады «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч знаходзіўся пад вартай з ліпеня 2021 года. У сакавіку 2023 года яго прыгаварылі да 9 гадоў калоніі па «справе «Вясны». Суддзя прызнала яго, а таксама Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва вінаватымі ў кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Марфа Рабкова, каардынатар валанцёраў Праваабарончага цэнтра «Вясна», знаходзілася ў зняволенні з 17 верасня 2020 года. Яна атрымала 15 гадоў пазбаўлення волі па «справе анархістаў».
Праваабаронцу Насту Лойка затрымалі ў кастрычніку 2022 года. У чэрвені 2023 года яе прыгаварылі да сямі гадоў калоніі па артыкуле аб распальванні варожасці. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Як паведамляў Праваабарончы цэнтр «Вясна», справа звязана з дакладам пра пераслед анархістаў, антыфашыстаў і левых актывістаў у Беларусі ў 2017–2018 гадах. Нібыта ў дакладзе была дадзена крытычная ацэнка дзеянням міліцыі.
