Сіняўскі далажыў Лукашэнку пра надзвычайныя сітуацыі падчас маразоў

Навіны
Вадим Синявский. Скриншот видео

4 лютага кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі далажыў Аляксандру Лукашэнку пра сітуацыю на фоне ўзмацнення маразоў і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі ў сувязі з надвор’ем.

Лукашэнка цікавіўся цепла- і водазабеспячэннем жылля, аб’ектаў эканомікі і сельскай гаспадаркі, паведамляе яго прэс-служба.

«Прэзідэнта цікавіла некалькі напрамкаў дзейнасці. Па-першае, гэта работа цепла- і водазабеспячэння насельніцтва, як гэта забяспечваецца, якія адбыліся аварыі і як забяспечана ўстойлівае ліквідаванне гэтых аварый. Другі напрамак — работа энергетыкі. Зноў жа, пытанні, звязаныя з насельніцтвам, работай аб’ектаў эканомікі. І трэці найважнейшы напрамак — гэта работа сельскай гаспадаркі, як ліквідуюцца наступствы снежных спраў, нагрузак на фермы і іншыя аб’екты і як з гэтым спраўляецца МНС, каардынуючы дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і забяспечваючы рэагаванне на ўсе надзвычайныя сітуацыі», — расказаў Сіняўскі.

Сіняўскі далажыў, што ўсе пытанні, звязаныя з ліквідаваннем аварый на аб’ектах цеплазабеспячэння, вырашаны. Як правіла, на ліквідаванне аварый патрабавалася не больш за суткі. Выключэннем стала толькі пашкоджанне цеплатрасы ў Мінску. Электразабеспячэнне адноўлена ва ўсіх населеных пунктах, дзе былі аварыйныя адключэнні (больш за 900 выпадкаў).

«Я кіраўніка дзяржавы праінфармаваў пра тое, што ўсе пытанні, звязаныя з аварыямі на аб’ектах цеплазабеспячэння нашых гарадоў і населеных пунктаў, вырашаны паспяхова. Адбылося такіх 19 аварый. Усе яны ліквідоўваліся на працягу сутак. Адзіная аварыя ў Мінску, калі магістраль цеплазабеспячэння 1220 мм ліквідавалася на працягу 36 гадзін.

Гэта таксама нарматыўны тэрмін такой аварыі па яе ліквідаванні. За гэты перыяд на аб’ектах энергетыкі адбылося больш за 900 выпадкаў адключэння населеных пунктаў на розныя тэрміны. Энергетыкі ўпэўнена справіліся з вырашэннем пытанняў гэтых аварый. На сённяшні дзень мы канстатуем, што ўсе населеныя пункты, усе аб’екты эканомікі падключаныя да электразабеспячэння. Ніякіх праблемных пытанняў у гэтым плане няма.

Таксама зарэгістравана 12 выпадкаў абвальвання будаўнічых канструкцый, у выніку якіх пад снежнай нагрузкай з-за ветхасці гэтых збудаванняў абваліліся дахі. У васьмі выпадках гэта аб’екты сельскай гаспадаркі, дзе загінула сем цялят. Мы на ўсе факты рэагавалі, забяспечвалі ліквідаванне гэтых наступстваў», — заявіў міністр.

Кіраўнік МНС таксама далажыў аб павелічэнні колькасці загінулых на пажарах і растлумачыў, што гэтаму спрыяла надвор’е.

Міністр заявіў, што ўсе службы МНС пераведзеныя на асаблівыя ўмовы функцыянавання, праводзяцца рэгулярныя праверкі гатоўнасці тэхнікі і асабовага складу, дыспетчарскіх службаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны