Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сталі вядомыя новыя падрабязнасці «справы ЕГУ». Сілавікоў цікавіць аплата навучання ва ўніверсітэце з 2016 года.
«Неўстаноўленыя асобы не раней за 30.04.2016 ажыццяўлялі прадастаўленне і збор грашовых сродкаў, каштоўных папер і іншай маёмасці для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі „Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт“, прызнанай такой рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2026», — гаворыцца ў пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы.
У Віцебскай вобласці сілавікі прыйшлі з ператрусамі да былых студэнтаў ЕГУ, якія ўжо скончылі ўніверсітэт або сышлі, не завяршыўшы навучанне, паведамляе «Віцебская Вясна». Асабліва іх цікавіла, хто плаціў за навучанне.
Нагадаем, Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзейны ў Вільні ЕГУ разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».
У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцей, „альтэрнатыўных“ трактоўкаў гістарычных, культурных і іншых падзей».
Праваабаронцы паведамлялі аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле артыкула аб садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмісцкай дзейнасці». У рамках справы па ўсёй краіне праходзяць ператрусы ў людзей, якія маюць дачыненне да ўніверсітэта. Праваабаронцам вядома пра больш чым 30 ператрусаў.