Беларусь не мае праблем у супрацоўніцтве з РФ у газавай сферы, але хацела б мець больш доўгатэрміновыя дамоўленасці. Пра гэта ў інтэрв’ю ТАСС заявіў пасол нашай краіны ў Расіі Юрый Селіверстаў, каментуючы перамовы з кіраўніком “Газпрома” Аляксеем Мілерам, якія адбыліся на мінулым тыдні.
“Вы ведаеце, праблем у супрацоўніцтве па газе няма. Мы цяпер цалкам нармальна працуем. Так, мы хацелі б вызначыцца на больш доўгатэрміновы перыяд нашага ўзаемадзеяння”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, парадак дня сустрэчы, у якой прымаў удзел міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз, быў значна шырэйшы за газавае пытанне.
“Безумоўна, пра гэта мы крыху пагутарылі, але калі не гаварыць менавіта пра газавы парадак дня, то ў нас ёсць цэлы шэраг іншых сумесных пытанняў. У “Газпрома” ёсць у Беларусі, у Брэсцкай вобласці, прадпрыемства “Брэстгазаапарат”. Якім чынам яно будзе развівацца? Што будзе рабіць?
Мы набываем у прадпрыемстваў “Газпрома”, акрамя газу, серу, іншыя кампаненты. Яны купляюць нашы газавыя балоны, якія ўсталёўваюць на аўтамабілі, кампаненты і запасныя часткі для рамонту. Парадак дня дастаткова шырокі, і ён не абмяжоўваецца толькі газавай тэмай”, — дадаў ён.