Саўмін зацвердзіў паказчыкі ацэнкі эфектыўнасці замежных камандзіровак

Навіны
Фото: пресс-служба правительства Беларуси.

Савет міністраў пастановай №815 ад 31 снежня зацвердзіў палажэнне аб ацэнцы эфектыўнасці службовых камандзіровак за мяжу. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

У палажэнні прапісана, што ацэнка эфектыўнасці праводзіцца для суаднясення рэальнай эканамічнай аддачы, знешнепалітычнага або іншага важнага для краіны эфекту і выдаткаваных дзяржаўнымі органамі сродкаў.

Да паказчыкаў эфектыўнасці ўрад адносіць:

  • вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці дзяржаўнага органа (дзяржаўнай арганізацыі) у краінавым разрэзе;
  • павелічэнне вартасных і (або) фізічных аб’ёмаў экспартных паставак тавараў у адпаведныя краіны;
  • павелічэнне аб’ёмаў экспартаваных паслуг у вартасным выражэнні;
  • пры асваенні новых краінавых рынкаў збыту — станоўчую дынаміку экспартных паставак новых відаў тавараў і паслуг у адпаведныя краіны;
  • пры прыцягненні замежных інвестыцый — аб’ёмы прыцягнутых прамых замежных інвестыцый;
  • пры ажыццяўленні інвестыцый за мяжой — удзел беларускіх суб’ектаў гаспадарання ў інвестыцыйных праектах у замежных дзяржавах, набыццё імі замежных актываў, уваходжанне ў замежныя холдынгі і карпаратыўныя структуры, стварэнне ўласных (галіновых) суб’ектаў тавараправодчай сеткі, уключаючы зборачныя і сумесныя вытворчасці, сэрвісныя і лагістычныя цэнтры;
  • пры адкрыцці новых крэдытных ліній — памер прадастаўленых крэдытных рэсурсаў (траншаў);
  • пры атрыманні міжнароднай тэхнічнай, гуманітарнай дапамогі — памер атрыманай дапамогі ў грашовым або натуральным выражэнні;
  • пры супрацоўніцтве на міжрэгіянальным узроўні — рост рэгіянальных эканамічных паказчыкаў у знешнім гандлі з адпаведным рэгіёнам замежнай дзяржавы;
  • заключэнне дагавораў (пагадненняў), якія маюць важнае палітычнае, эканамічнае, навуковае, навукова-тэхнічнае і іншае значэнне, і іх практычная рэалізацыя;
  • забеспячэнне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у адносінах з замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі;
  • фарміраванне і ўмацаванне станоўчага іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, у тым ліку шляхам удзелу ў навуковых, культурных і спартыўных мерапрыемствах, мерапрыемствах гуманітарнага характару;
  • практычныя вынікі развіцця міжведамаснага супрацоўніцтва;
  • пры павышэнні кваліфікацыі, стажыроўцы, іншым навучанні работнікаў дзяржаўнага органа (дзяржаўнай арганізацыі) — ступень прымянення атрыманых ведаў і вопыту ў практычнай дзейнасці;
  • рэалізацыя задач, звязаных з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі;
  • выкананне іншых задач у агульнадзяржаўных інтарэсах, дасягненне іншых вынікаў, якія маюць станоўчы эфект, з улікам спецыфікі дзейнасці дзяржаўнага органа (дзяржаўнай арганізацыі).

На падставе вынікаў ацэнкі дзяржаўны орган або дзяржаўная арганізацыя павінны распрацоўваць меры па павышэнні эфектыўнасці камандзіровак. Справаздачы аб ацэнцы павінны быць прадастаўлены да 1 сакавіка года, наступнага за справаздачным.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны