«Еўрарадыё» выступіла з заявай супраць цкавання свайго галоўнага рэдактара Яўгена Казарцава

Навіны

«Еўрарадыё» выступіла з заявай ў падтрымку галоўнага рэдактара выдання Яўгена Казарцава. Рэдакцыя заяўляе, што Казарцаў падвергся цкаванню. На падставе фэйкавай інфармацыі Казарцава ўнеслі ў базу даных украінскага праекта «Міратворац». Пазней яго картка была выдаленая з сайта.

Прыводзім заяву «Еўрарадыё» цалкам.

«Еўрапейскае радыё для Беларусі» выступае супраць цкавання нашага галоўнага рэдактара Яўгена Казарцава. Нядобразычліўцы маніпулююць фактамі і рассылаюць дэзінфармацыю з мэтай дыскрэдытаваць Казарцава і Еўрарадыё, ускладняючы працу нашага медыя — прадэмакратычнага, прабеларускага і праўкраінскага ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі. У той жа час на нашых супрацоўнікаў — як і на многіх беларусаў у эміграцыі — аказваюць ціск беларускія спецслужбы.

У 2025 годзе мы не раскрывалі асобу новага галоўнага рэдактара Еўрарадыё з меркаванняў бяспекі. Ва ўмовах рэпрэсій гэта звычайная практыка: вы не ведаеце і галоўных рэдактараў шэрагу іншых буйных беларускіх медыя. Аднак Казарцава дэананімізавалі людзі, якія лічаць сябе дэмакратычнымі актывістамі.

Яны распаўсюджваюць свае здагадкі ўсюды, куды могуць дацягнуцца. Іх выдумкі пра Яўгена Казарцава сталі асновай для публікацыі пра яго на сайце цэнтра «Міратворац». Аднак там хутка зразумелі, што «інфармацыя», якую ім падсунулі, не вытрымлівае элементарнай праверкі.

У выніку старонка пра Казарцава была выдаленая з сайта «Міратворца». Цяпер яна недаступная. Мы ўдзячныя ўкраінскім журналістам за выпраўленне памылкі.

«Еўрапейскае радыё для Беларусі» заснаванае 20 гадоў таму. За гэты час мы прайшлі праз ператрусы і затрыманні, праз забароны, блакіроўкі, праз самыя розныя абвінавачанні ў «прадажнасці» (каму толькі нас не «прадавалі») і хвалі хейту. Але ў кожнай сітуацыі рэдакцыя была на баку сваіх супрацоўнікаў, якія апынуліся пад ударам.

Мы настойваем на тым, што, прыняўшы Яўгена Казарцава на працу карэспандэнтам у 2020 годзе, мы не зрабілі памылкі. У той час пад уплывам фальсіфікацыі выбараў, масавых пратэстаў і гвалту, з дапамогай якога ўлады Беларусі распраўляліся са сваімі апанентамі, многія журналісты пераходзілі з прапагандысцкіх медыя ў недзяржаўныя, прадэмакратычныя. Мы ведалі пра яго працу ў «Sputnik Беларусь» — ён гэтага не хаваў. Але мы вырашылі, што тут і цяпер ён будзе карысны на нашым баку. Гэта было ўсвядомленае рашэнне.

І яно было правільным. Сёння «Еўрапейскае радыё для Беларусі» пад кіраўніцтвам Яўгена Казарцава працягвае несці беларусам праўдзівую, аб’ектыўную інфармацыю, якая (мы ўпэўненыя) набліжае дэмакратычныя перамены ў нашай краіне. Гэта няпростая штодзённая праца, якая вельмі не падабаецца рэжыму Лукашэнкі. І тое, што знаходзяцца людзі, якія — праз свае канспіралагічныя перакананні, праз уласныя памылковыя погляды або па чыёйсьці замове — імкнуцца ўстаўляць нам палкі ў колы, толькі сведчыць пра эфектыўнасць гэтай працы.

Дзмітрый Новікаў,
старшыня праўлення «Еўрапейскага радыё для Беларусі»

Павел Свярдлоў,
галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» з красавіка 2018 года па красавік 2025 года

Марыя Калеснікава,
рэдактарка «Еўрапейскага радыё для Беларусі»

Дзмітрый Лукашук,
рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі»

ад імя ўсёй рэдакцыі Еўрарадыё.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.