У Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы пачалася праца над дакладам пра Беларусь, які плануецца прыняць у сакавіку 2027 года. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аб’яднанага пераходнага кабінета.
У сустрэчы з генеральным сакратаром Кангрэса Мэцью Моры, якая адбылася ў Страсбургу ў рамках семінара «Лідары перамен: прасоўванне дэмакратыі і правоў чалавека на мясцовым узроўні», узялі ўдзел дэлегаты Каардынацыйнай рады Юрый Губарэвіч і Ірына Халопіца.
Прадстаўнікі КР расказалі пра вынікі выбараў у КР чацвёртага склікання і заявілі, што падчас выбарчай кампаніі беларускія ўлады аказвалі беспрэцэдэнтны ціск. Усе выбарчыя спісы і сама КР былі прызнаныя «экстрэмісцкімі», сваякі кандыдатаў падвергліся рэпрэсіям, а супраць выбараў вялася маштабная кампанія па дыскрэдытацыі і дэзінфармацыі.
Акрамя таго, электронная платформа для галасавання падверглася маштабнай DDoS-атацы. Паводле даных прадстаўнікоў фракцыі «Латушка і Рух за Свабоду», было зафіксавана больш за 24 млрд запытаў і каля 68 ТБ шкоднаснага трафіку. Кошт атакі ацанілі ў сотні тысяч еўра.
На сустрэчы абмяркоўвалася падрыхтоўка даклада Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы па Беларусі. Прадстаўнікі КР прапанавалі ўключыць у яго пытанні рэалізацыі Люксембургскіх пагадненняў на мясцовым узроўні ў краінах Савета Еўропы, а таксама доступу былых палітвязняў і іншых пацярпелых ад рэпрэсій беларусаў да мясцовых праграм сацыяльнай падтрымкі.
Па выніках сустрэчы бакі пацвердзілі ўзаемадзеянне паміж Кангрэсам і дэлегацыяй Каардынацыйнай рады пры падрыхтоўцы будучага дакумента.