У чэрвені інфляцыя склала 0,3%, яе гадавы паказчык запаволіўся да 4,3%. Найбольшы рост цэн адзначаўся на сезонныя тавары ў сувязі са з’яўленнем на рынку маладой бульбы і гародніны, а таксама спыненнем дзеяння гранічных цэн на прадукцыю па дзяржаўным заказе.
Паводле даных Белстата, бульба ў чэрвені ў параўнанні з маем падаражэла на 63,35%, морква — на 54,02%, цыбуля — на 23,62%, капуста — на 22,43%, буракі — на 17,94%, паслугі дашкольных устаноў — на 9,3%.
Найбольшае зніжэнне цэн адзначалася на агуркі — на 32,85%, свежыя грыбы патаннелі на 5,18%, яблыкі — на 4,32%, авакада — на 4,28%, часнок — на 4,13%.
З пачатку года таксама найбольш падаражэлі бульба і гародніна. У параўнанні са снежнем мінулага года бульба падаражэла на 65,24%, морква — на 60,04%, капуста — на 38,36%, вінаград — на 28,03%, білет у электрычках — на 26,79%, у міжнародных цягніках — на 26,18%, праезд у прыгарадных аўтобусах — на 25,88%.
Найбольш у параўнанні са снежнем патаннелі свежыя агуркі — на 51,36%, яблыкі — на 20,51%, салодкі перац — на 16,17%, цытрусавыя — на 15,56%, часнок — на 11,19%.