Сярод вызваленых ёсць Марыя Батальёнак, грамадзянін Аўстраліі Аляксандр Сырыца, грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка, Ілья Князеў, Вячаслаў Папсо, грамадзянка ЗША Наталі Бельская. Пра гэта паведамляе ініцыятыва “Ружовыя Хусткі”.
***
Марыя Батальёнак была ўзятая пад варту па крымінальнай справе паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). КДБ лічыў Марыю датычнай да праекта «Гарадскі агарод Марис Мар», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
У Марыі ёсць маленькае дзіця на грудным гадаванні. У кастрычніку 2025 года адбыўся суд, на якім Марыю прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 29 тысяч рублёў.
***
44-гадовы Князеў быў затрыманы 30 мая 2025 года і атрымаў тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 5 верасня 2025 года быў унесены ў пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Абвінавачанні ў экстрэмізме і тэрарызме выкарыстоўваюцца рэжымам у Мінску для барацьбы са сваімі палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.