Сёння на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу Аляксандр Лукашэнка зрабіў заяву, якая, хоць і ўскосна, можа сведчыць пра лёс рэтранслятараў, адключэння якіх ад Мінска патрабавала кіраўніцтва Украіны.
«Пра сёе-тое мы не гаворым, маўчым»
Размаўляючы з вайскоўцамі, палітык не прамінуў абвінаваціць еўрапейскую «партыю вайны» ў імкненні «усімі сіламі» зацягнуць развязаную Расіяй вайну супраць Украіны. У «курсе на мілітарызацыю» і ў «абсурднай істэрыі вакол уяўнай „пагрозы з усходу”». У вядзенні «гібрыднай вайны супраць нашай краіны».
Здавалася, Лукашэнка і гэтым разам не скажа нічога новага, аднак раптам з вуснаў палітыка прагучала даволі цікавая заява:
«Працягваецца гібрыдная вайна супраць нашай краіны. Эканамічны дыктат, палітычны і інфармацыйны прэсінг дапаўняюцца актыўным шпіянажам і правакацыямі на нашых паўднёвых рубяжах. Пра сёе-тое мы не гаворым, маўчым», — заявіў палітык.
Паказальна, што дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА ў сваёй публікацыі пра мерапрыемства, якое адбылося, гэтую частку выступлення палітыка прыводзіць не стала. Але пра якія такія акты «актыўнага шпіянажу» згадаў Лукашэнка? І пра якія менавіта правакацыі на паўднёвых рубяжах ён палічыў за лепшае прамаўчаць?
Адна з магчымых версій — гісторыя з тымі самымі рэтранслятарамі для навядзення расійскіх БПЛА, адключэння якіх ад беларускага рэжыму настойліва патрабаваў Кіеў.
Праславутыя рэтранслятары
19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб адключыць абсталяванне для навядзення расійскіх дронаў, размешчанае, як сцвярджалі ў Кіеве, на беларускай тэрыторыі.
«На вежах стаяць рэтранслятары. Расійскія рэтранслятары, беларускія — якая нам розніца? На яго тэрыторыі, уздоўж дзвюх абласцей, што мяжуюць з Украінай, знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. <…> Няхай прыбярэ гэтую тэхніку, няхай адключыць гэтую тэхніку. Я думаю, яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць», — заявіў Зяленскі.
Праз некалькі дзён, 22 чэрвеня, у інтэрв’ю ТСН прэзідэнт Украіны канкрэтызаваў патрабаванні: «Адключыць іх (рэтранслятары — заўв. Reform.news), зняць і паказаць нам, што гэта знята. <…> Гэта азначае, што калі ён іх не здыме, мы здымем. Усё, што адбудзецца праз тыдзень, — або яны, або мы».
Гэта важнае ўдакладненне. Па сутнасці, Зяленскі наўпрост папярэдзіў: калі рэтранслятары працягнуць працаваць, Украіна гатовая адключыць іх сваімі сіламі.
А ўжо 24 чэрвеня Зяленскі заявіў — з 22 чэрвеня рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі больш не працуюць. Пры гэтым прэзідэнт Украіны адзначыў — пацверджанай інфармацыі пра дэмантаж сістэм пакуль няма.
30 чэрвеня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што адзін з рэтранслятараў для навядзення расійскіх дронаў на тэрыторыі Беларусі нядаўна зноў уключаўся. Пры гэтым галоўнакамандуючы дадаў — Украіна лічыць, што больш такога не адбудзецца.
«Учора было ўключэнне аднаго рэтранслятара. Я думаю, што яны больш не будуць іх уключаць», — сказаў Сырскі.
«Гэта фізічна ў іх не атрымаецца?» — удакладніў інтэрв’юер. «Ну я ж не магу вам усё расказаць. Я думаю, яны ўсведамляюць, што гэтага не трэба рабіць, скажам так», — адказаў галоўнакамандуючы УСУ.
Гэтыя словы Сырскага можна трактаваць па-рознаму. І так, што нейкі важкі аргумент з украінскага боку прымусіў беларускі рэжым усвядоміць, што ўключаць рэтранслятары не трэба. Але можна і інакш — так, што ўключаць ужо няма чаго.
І на наступны дзень пасля інтэрв’ю Сырскага прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук паведаміў — рэтранслятары былі знішчаныя ўкраінскімі дронамі.
«Іх фізічна больш не існуе», — заявіў Кабанчук, не ўдакладніўшы крыніцу інфармацыі.
Калі і праўда лепш маўчаць
Вядома, можна дапусціць, што Лукашэнка, вырашыўшы не гаварыць пра актыўны шпіянаж і правакацыі на паўднёвых рубяжах, меў на ўвазе не знішчаныя рэтранслятары, а нешта іншае. Напрыклад, залёты ўкраінскіх БПЛА ў Беларусь. Гэта магло б хоць неяк растлумачыць і шпіянаж, і правакацыі. Толькі пра падобныя інцыдэнты прадстаўнікі беларускага рэжыму якраз не маўчалі. А наадварот, гучна абвінавачвалі ў гэтым Украіну. Яшчэ ў траўні гэтага года дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч сцвярджаў, што толькі за адзін тыдзень беларуская паветраная прастора была парушана ўкраінскімі беспілотнікамі цэлых 116 разоў.
Прычым, паводле слоў Вальфовіча, «у некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы паразіць элементы памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі». Так што пра залёты БПЛА Мінск якраз не маўчыць. І гэтым разам справа, мяркуючы па ўсім, не ў гэтым.
Дапусцім, Лукашэнка, каб не нагнятаць, вырашыў прамаўчаць пра нядаўнія ўдары па беларускіх аўтобусах. Але абодва інцыдэнты з імі адбыліся не ў Беларусі, а на тэрыторыі Бранскай вобласці РФ. Хоць і недалёка ад беларускіх паўднёвых межаў, але ўсё ж не на іх. Да таго ж трапленні дронаў у аўтобусы, незалежна ад таго, хто іх запускаў, ніяк не суадносяцца з тэзісам пра «актыўны шпіянаж».
А вось рэтранслятары — зусім іншая справа. Каб іх знішчыць, трэба было правесці падрыхтоўчую працу. А ўдар па іх, калі ён сапраўды быў нанесены, — гэта ўжо нават не правакацыя, а добрая аплявуха.
І, калі дапусціць, што ўсё адбылося менавіта так, як сцвярджае Кабанчук, і рэтранслятары на беларускай тэрыторыі былі насамрэч ліквідаваныя ўкраінскімі дронамі, то жаданне Аляксандра Лукашэнкі прамаўчаць пра гэта цалкам зразумелае. Бо гэта была паўнавартасная ваенная аперацыя, праведзеная УСУ на беларускай тэрыторыі. Тут трэба або адказваць на поўную, або праглынуць моўчкі. Адказваць, відаць, усё ж не хочацца, паколькі наступствы адказу могуць аказацца вельмі балючымі.
Але хоць і мімаходзь, згадаць пра лёс рэтранслятараў Лукашэнку ўсё ж давялося. Таму, што палітык усё ж быў вымушаны закрануць гэтую тэму на сённяшняй сустрэчы з вайскоўцамі, таксама ёсць тлумачэнне. Яны ж і так у курсе. Утаіць у вайсковым асяроддзі інфармацыю пра знішчэнне рэтранслятараў наўрад ці магчыма. І недарэчна цяпер рабіць перад імі выгляд, быццам нічога надзвычайнага не адбылося. Прасцей растлумачыць генералам і афіцэрам — мы вырашылі прамаўчаць. І вы маўчыце. Затое, як растлумачыў вайскоўцам сваё рашэнне Лукашэнка, «ніхто вас на гэтую бойню пасылаць не будзе». Вось такі баш на баш у гэтай гульні ў маўчанку.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news