МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 5 чалавек.
Сярод іх – вядомы музыка Сяргей Міхалок. Лідар «Ляпіса Трубяцкога», Brutto і іншых праектаў у пачатку жніўня быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Як вынікала з паведамлення пракуратуры, у аснове крымінальнай справы супраць Сяргея Міхалка — публікацыі ў сацыяльных сетках яго праекта Brutto, зробленыя ў 2021-2022 гадах.
У спіс таксама ўнеслі Глеба Герасімовіча і Аляксандра Мількамановіча, затрыманых у рамках справы, звязанай з прызнаннем “экстрэмісцкім фарміраваннем” кааліцыі ініцыятыў “Green Network”. Сярод іх праекты «Belarus Beehive», «Зялёны партал» і «Экадом», а таксама Уладзіміра Юркевіча і Алену Талянец.
Цяпер у «экстрэмісцкім» спісе 6824 прозвішчы.
Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.
