У трох абласцях Беларусі выявілі кватэры з абсталяваннем для махлярскіх кол-цэнтраў

Навіны
Фото: sk.gov.by

У Беларусі спынена дзейнасць некалькіх тэхнічных вузлоў сувязі, якія маглі выкарыстоўваць замежныя махлярскія кол-цэнтры для масавых званкоў і рассылкі SMS.

Паводле даных МУС, з 2024 года трое мужчын ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў у Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях абсталявалі ў сваіх кватэрах тэхнічныя цэнтры для дыстанцыйнага кіравання тысячамі SIM-карт. Праз іх махлярскія кол-цэнтры маглі здзяйсняць масавыя абзвоны грамадзян для крадзяжу грошай.

Як паведамілі ў Следчым камітэце, мужчыны атрымлівалі ад куратараў праз службу дастаўкі SIM-банкі, GSM-шлюзы, радыёмодулі, антэны і працэсары. Пасля падключэння абсталявання яны забяспечвалі яго бесперабойную працу.

“Акрамя таго, указаная злачынная інфраструктура выкарыстоўвалася для дзеянняў, якія ўяўляюць прамую пагрозу нацыянальнай бяспецы і стабільнасці ў нашай краіне і Саюзнай дзяржаве”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле інфармацыі МУС, падчас ператрусаў канфіскавалі больш за 30 адзінак абсталявання і звыш 20 тысяч SIM-карт. СК паведамляе прыкладна пра 40 GSM-прылад і больш за 17 тысяч SIM-карт, а таксама мабільныя тэлефоны з перапіскай з куратарамі.

Фігуранты расказалі, што пагадзіліся на прапановы аб заробку, якія паступілі ад невядомых праз Telegram. Усе трое раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці і афіцыйна не працавалі, адзін з іх быў студэнтам.

Следства мае намер даць прававую ацэнку іх дзеянням, у тым ліку на прадмет саўдзелу з махлярскімі кол-цэнтрамі. Праваахоўнікі працягваюць устанаўліваць іншых асоб, датычных да аналагічнай дзейнасці ў Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.