Каардынацыйная рада абрала новы склад дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Галасаванне прайшло ў рэйтынгавым фармаце: тры кандыдаты, якія набралі найбольш галасоў, увайшлі ў асноўны склад, яшчэ трое сталі намеснікамі.
Такім чынам, у асноўны склад дэлегацыі ўключаныя:
- Павел Латушка, Кааліцыя Латушкі і Рух «За свабоду» – 291 голас;
- Уладзімір Астапенка, Кааліцыя Латушкі і Рух «За свабоду» – 256 галасоў;
- Ксенія Луцкіна, «Еўрапейскі выбар» – 205 галасоў.
Намеснікамі сталі:
- Аляксандра Мамаева, пазафракцыйная дэлегатка – 190 галасоў;
- Ганна Скрыган, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 180 галасоў;
- Яўген Андрэйчык, «Наступ» – 159 галасоў.
Дэлегацыя беларускіх дэмсіл у ПАСЕ існуе на падставе рашэння Бюро Асамблеі ад 6 верасня 2024 года, прынятага ў выкананне пункта 12.1 рэзалюцыі 2530 «Дэмакратычная будучыня для Беларусі». Яна складаецца з трох асноўных прадстаўнікоў і трох намеснікаў. Яны могуць удзельнічаць у працы камітэтаў і падкамітэтаў ПАСЕ і выступаць з дазволу старшыні, аднак не маюць права голасу і не ўдзельнічаюць у пленарных пасяджэннях. Для іх закрыты ўдзел у трох камітэтах – Маніторынгавым камітэце, Камітэце па правілах працэдуры і імунітэтах, а таксама Камітэце па выбарах суддзяў ЕСПЧ.

