«Зеркало»: У Беларусі 9 чалавек памерлі пасля аперацый, падчас якіх уводзілі заражаны прэпарат

Галоўнае
Фото: Hiroshi Tsubono, unsplash.com

Як мінімум дзевяць пацыентаў у Беларусі памерлі пасля аперацый на сэрцы, падчас якіх ім уводзілі індыйскі прэпарат «Кардыурэкс» (Cardiurex). Пра гэта піша «Зеркало» са спасылкай на дакументы, атрыманыя пры дапамозе BELPOL.

Прэпарат утрымлівае адэназін, які на некалькі секунд рэзка запавольвае або часова спыняе працу сэрца і дазваляе хірургам выконваць складаныя этапы аперацый. Паводле інфармацыі выдання, са студзеня да пачатку сакавіка «Кардыурэкс» выкарыстоўвалі пры аперацыях у Брэсцкай абласной бальніцы. Прэпарат атрымалі 13 пацыентаў, 7 мужчын і адна жанчына ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў памерлі. Камусьці з іх рабілі пратэзаванне аорты, камусьці – замянялі яе клапаны або праводзілі аортакаранарнае шунтаванне.

Пасля аперацый у аналізах сямі пацыентаў выявілі бактэрыі. Наконт восьмай пацыенткі інфармацыі пра вынікі даследавання няма. У пяці чалавек развіўся стэрнамедыястыніт – цяжкі інфекцыйны працэс з запаленнем і нагнаеннем тканак грудной клеткі. У трох выпадках пачаўся сепсіс, яшчэ ў двух пацыентаў зафіксавалі генералізаваную інфекцыю.

Прэпарат таксама ўжывалі ў РНПЦ «Кардыялогія» ў Мінску. З 17 лютага па 3 сакавіка яго ўвялі дзевяці пацыентам ва ўзросце ад 41 года да 68 гадоў. Пасля аперацый ва ўсіх выявілі высокарэзістэнтныя бактэрыі і дыягнаставалі сепсіс. Восем пацыентаў удалося выратаваць, 67-гадовая жанчына памерла.

З дакументаў вынікае, што гаворка ідзе пра прэпарат Adenosin Injection IP 6 mg/ml Cardiurex вытворчасці індыйскай кампаніі Welcure Remedies. У РНПЦ «Кардыялогія» першую пастаўку з 1000 упаковак атрымалі 18 лютага. Колькі паставілі Брэсцкай абласной бальніцы – невядома. Адзначаецца, што Брэсцкая абласная бальніца не паведаміла пра выяўленне ў крыві пацыентаў бактэрый ні ў гарадскі, ні ў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У РНПЦ «Кардыялогія», наадварот, паведамілі адразу.

Даследаванне Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказала, што прэпарат быў нестэрыльным. У ім выявілі бактэрыі Klebsiella oxytoca і Serratia marcescens. Гэтыя ж мікраарганізмы выявілі ў аналізах пацыентаў РНПЦ «Кардыялогія», якім уводзілі прэпарат.

Не выключана, што гэта не адзіныя віды бактэрый, якія ўтрымліваліся ў растворы для ін’екцыі, адзначае рэсурс. У аналізах памерлых пацыентаў Брэсцкай абласной бальніцы таксама выяўлялі Acinetobacter baumannii, радзей – Klebsiella pneumoniae і Haemophilus influenzae.

13 сакавіка Дзяржфармнагляд паведаміў пра праблему Міністэрству аховы здароўя, пасля чаго яно распарадзілася выключыць з абарачэння партыю прэпарата WADG25001A.

Пастаўшчыком прэпарата ў Беларусь была кампанія «ЮМБ-Фарм». Дагавор з ёй «Мінская фармацыя» заключыла ў ліпені 2025 года. Пастаўкі прызначаліся для 24 медыцынскіх устаноў па ўсёй краіне, сярод якіх былі РНПЦ «Кардыялогія», галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкае РУП «Фармацыя».

Паводле дагавора да 30 чэрвеня 2026 года «ЮМБ-Фарм» павінна была паставіць 5943 адзінкі прэпарата. Пры гэтым з дакументаў незразумела, ці былі ўсе пастаўленыя прэпараты вырабленыя ў рамках адной партыі.

Пра праблемы з гэтай жа партыяй прэпарата паведамляла Сусветная арганізацыя аховы здароўя. У маі Дзяржаўная служба кантролю за лекавымі сродкамі пры Міністэрстве аховы здароўя Літвы заявіла, што атрымала папярэджанне СААЗ пра партыю WADG25001A. У Літве прэпарат не выкарыстоўваўся, аднак пастаўшчыкам рэкамендавалі паведаміць, калі яны яго набылі.

У ліпені Цэнтральная арганізацыя па кантролі стандартаў лекавых сродкаў Індыі ўключыла гэтую партыю Welcure Remedies у спіс прэпаратаў, якія не адпавядаюць патрабаванням якасці. Сярод выяўленых парушэнняў былі невыкананне стэрыльнасці і наяўнасць бактэрыяльных эндатаксінаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.