Лукашэнка расказаў наваспечаным генералам пра міжнародную «партыю вайны» і запэўніў, што не пашле іх на бойню

Навіны
Фото: пресс-служба Лукашенко

Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных ўстаноў і вышэйшага афіцэрскага складу закрануў тэму вайны Расіі супраць Украіны. Ён падкрэсліў, што не пашле новаспечаных генералаў на бойню, але папярэдзіў, што «партыя вайны» не хоча ўрэгулявання канфлікту.

«Двудушна дэкларуючы прыхільнасць да міру, Еўрапейскі саюз адкрыта ўзяў курс на мілітарызацыю (а гэта фактычна — НАТА). Мільярды трацяцца на закупку ўдарна-наступальнага ўзбраення. Пры гэтым нагнятаецца абсурдная істэрыя вакол уяўнай „пагрозы з усходу“, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Ён звярнуў увагу на існаванне нейкай «партыі вайны», якая зацягвае вайну.

«„Партыя вайны“ ўсімі сіламі імкнецца да зацягвання гэтага ўзброенага супрацьстаяння, міжнародная „партыя вайны“», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, супраць Беларусі вядзецца «гібрыдная вайна», у якой выкарыстоўваюцца «эканамічны дыктат, палітычны і інфармацыйны прэсінг, актыўны шпіянаж і правакацыі на паўднёвых межах краіны».

«Асобных заходніх палітыкаў проста раздражняюць нашы самастойнасць і незалежнасць. Наш саюз з Расіяй і прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Яшчэ раз падкрэсліваю, паважаныя таварышы, ніхто вас на гэтую бойню пасылаць не будзе. Вайна нам не патрэбная, гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Украіне. Мы прыхільнікі мірнага вырашэння пытанняў. Але, як я сказаў, міжнародная „партыя вайны“ гэтага не хоча.

Зразумела, што спадчыннікаў Трэцяга рэйха мучаць фантомныя болі ад ранейшых ваенных няўдач іх дзядоў і прадзедаў. Не дае спакою прага рэваншу», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, беларускі народ — мірныя людзі, якія не хочуць ваяваць, але і перад ворагам схіляць галовы не маюць намеру.

Сёння Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-маёра палкоўнікам Аляксандру Агейчыку і Дзмітрыю Сабалю, генерал-маёра юстыцыі — палкоўніку юстыцыі Максіму Спрынцыну. Пагоны дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу ўручаны начальніку Віцебскай мытні Сяргею Лінкевічу, дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа — пракурору Гомельскай вобласці Алегу Аўдзею.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.