Сёння каля 7:00 расійскія войскі нанеслі ўдар з дапамогай дрона па маршрутным таксі ў Дняпроўскім раёне, паведамляе кіраўнік гарадской адміністрацыі Яраслаў Шанько.
Паводле яго слоў, смяротныя траўмы атрымалі супрацоўнік аднаго з камунальных прадпрыемстваў Херсонскага гарадскога савета і жанчына, асоба якой устанаўліваецца. Акрамя таго, пацярпелі яшчэ 7 пасажыраў маршруткі — 6 мужчын і адна жанчына. 4 з іх — камунальшчыкі. Зараз усе яны знаходзяцца ў бальніцы. Папярэдні дыягназ — мінна-выбуховая траўма.
Пазней у Херсонскай АВА паведамілі яшчэ пра адну пацярпелую ў выніку атакі. 55-гадовая супрацоўніца адной з гарадскіх бальніц атрымала мінна-выбуховую траўму, страсенне галаўнога мозгу і асколачнае раненне галавы. Яна шпіталізаваная ў стане сярэдняй цяжкасці.
Старшыня Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін напісаў, што сёння раніцай Херсон падвергся масіраванай атацы з выкарыстаннем беспілотнікаў. Для нанясення ўдараў адначасова было задзейнічана вялікая колькасць БПЛА — у прыватнасці, FPV, «Маланка» і апараты з аптавалаконным кіраваннем.
“Нашы вайскоўцы робяць усё магчымае, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе. У той жа час рызыка паўторных масіраваных атак застаецца высокай”, – папярэдзіў ён.
“Усе пацярпелыя падчас атакі — грамадзянскія асобы, і расіяне гэта дакладна разумелі. Фактычна такое жорсткае «сафары» на людзей адбываецца штодзённа ў нашых прыфрантавых і памежных населеных пунктах. У Харкаве дрон нанёс удар па жылым шматпавярховым доме. Былі ўдары па энергетыцы ў Мікалаеўскай вобласці. Удары наносіліся таксама па Днепрапятроўскай, Адэскай, Сумскай, Херсонскай і Данецкай абласцях”, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго інфармацыі, усяго за гэты тыдзень Расія выпусціла па Украіне каля 1600 ударных дронаў, амаль 1100 кіраваных авіяцыйных бомбаў і тры ракеты.
“Расіяне спрабуюць масіраванымі атакамі перагрузіць нашу СПА, і таму пастаўкі ракет вельмі важныя кожны дзень. І таксама важна, каб ціск на агрэсара не аслабляўся, бо любое аслабленне існуючых санкцый прыводзіць толькі да папаўнення расійскага кашалька, які яны трацяць на вайну”, – падкрэсліў украінскі лідар.


