Аляксандр Лукашэнка змяніў старшыню Віцебскага аблвыканкама. Аляксандра Субоціна на гэтай пасадзе зменіць Аляксандр Рагожнік.
Субоцін кіраваў Віцебскай вобласцю са снежня 2021 года. Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў сітуацыю ў Віцебскай вобласці, а ў кастрычніку мінулага года намякнуў на адстаўку Субоціна, заявіўшы, што ў яго быў час «паказаць свае кіраўнічыя таленты і забяспечыць вынік».
Рагожнік з чэрвеня 2024 года быў паслом Беларусі ў Расіі.
Тлумачачы новае прызначэнне, Лукашэнка заявіў, што Віцебшчыне патрэбны прарыў.
«Адразу хачу сказаць для віцебскіх людзей: гэта не надзвычайшчына. Але вобласць мае патрэбу ў нейкім прарыве. …Проста мы працавалі па-старому, пра гэта ўжо таксама шмат гаварылася. Трэба свежым позіркам паглядзець на праблемы, якія там існуюць, і дзейнічаць», — сказаў Лукашэнка.
