Лукашэнка раздаў 59 дзяржузнагарод, ганаровых званняў і падзяк

Навіны
Александр Лукашенко. Фото: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 4 верасня падпісаў указ і распараджэнне аб узнагароджанні прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў удастоены 43 чалавекі, яшчэ 16 атрымалі падзяку Лукашэнкі.

Узнагароды ўручаныя за шматгадовую працу, прафесіяналізм, высокія вытворчыя паказчыкі, уклад у развіццё сельскай гаспадаркі, ЖКП, будаўніцтва, лясной гаспадаркі і меліярацыі, а таксама за працу ў сферы статыстыкі, аховы прыроды, адукацыі, медыцыны, культуры, мастацтва і навукі.

Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджана генеральны дырэктар ААТ «Малочны Мір» Марына Анікеева, ордэнам Пашаны – старшыня СВК «Азёры Гродзенскага раёна» Аляксандр Шышко.

Медалёў «За працоўныя заслугі» ўдастоены, у прыватнасці, памочнік ляснічага Казьянскага лясніцтва нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» Алена Буяльская, загадчыца аптэкі №12 РУП «БелЛекаЦэнтр» Клаўдзія Кузьміч і дырэктар Грушаўскага рамонтна-механічнага завода Пётр Папроцкі.

Медаль Францыска Скарыны атрымаў загадчык кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Лелевіч.

Акрамя таго, шэрагу спецыялістаў прысвоены ганаровыя званні.

Званне заслужанага дзеяча мастацтваў атрымаў мастак Алег Скавародка. Заслужанымі дзеячамі навукі сталі прафесар БДТУ Алег Дармешкін і галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Віталь Шаўлякоў.

Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іне Мядзведзевай прысвоена званне заслужанага эканаміста.

Званні заслужанага работніка адукацыі атрымалі прафесар БДТУ Наталля Чорная, загадчык кафедры біятэхналогіі гэтай ВНУ Віктар Лявонцьеў і прафесар Ваеннай акадэміі Сяргей Фамін.

Падзяка за ўклад у развіццё будаўнічай галіны і эфектыўную вытворчую дзейнасць аб’яўлена ААТ «Дарбудмантажтрэст».

Яшчэ 16 прадстаўнікоў розных сфер атрымалі Падзяку за шматгадовую плённую працу і прафесійныя дасягненні. Сярод іх супрацоўнікі падатковай службы, медыцыны, Камітэта дзяржкантролю, сістэмы МНС і тарфяной прамысловасці, паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.