Палітвязень журналіст Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам Free Media Awards

Галоўнае
Андрей Александров. Источник фото: frittord.no

Беларускі журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, які знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі, стаў адным з лаўрэатаў прэміі Free Media Awards 2026. Узнагарода прысуджана “за мужнасць і прыхільнасць справе абароны свабоды прэсы і свабоды слова ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму”.

“Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве «БелаПАН» і Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) ён спрыяў умацаванню прафесійных стандартаў журналістыкі, падтрымцы незалежных СМІ і стварэнню міжнародных сетак журналістаў і праваабаронцаў. Андрэй Аляксандраў быў арыштаваны за сваю дзейнасць у 2021 годзе. У 2022 годзе ён быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Ён прызнаны палітычным зняволеным”, – гаворыцца на сайце Fritt Ord.

Сярод іншых лаўрэатаў гэтага года кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў «Украінскай праўды» Міхаіл Ткач, грузінскае выданне iFact, армянскі Factor TV і расійскае выданне «Вёрстка».

Прэмію штогод прысуджаюць нарвежскі The Fritt Ord Foundation і нямецкі ZEIT-Stiftung журналістам Усходняй Еўропы. Яна ўручаецца незалежным СМІ і журналістам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы як прызнанне іх расследавальніцкай працы ў надзвычайных умовах.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі затрыманыя ў студзені 2021 года. У верасні 2022 года яны пажаніліся ў СІЗА. У пачатку кастрычніка 2022 года Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў калоніі, а Ірыну Злобіну – на 9 гадоў. За аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым на пратэстах Аляксандрава абвінавацілі ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання”, здрадзе дзяржаве, нявыплаце падаткаў у буйным памеры, падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках, Злобіну — у здрадзе дзяржаве і падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.