18–19 верасня ў Кіеве пройдзе грамадска-палітычная частка пятага Форума Астрожскіх. Яго ўдзельнікі абмяркуюць перспектывы практычнага супрацоўніцтва паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, паведамілі арганізатары мерапрыемства.
У форуме возьмуць удзел беларускія і ўкраінскія эксперты, палітыкі, даследчыкі, журналісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У цэнтры ўвагі апынецца ўплыў расійскай вайны супраць Украіны на рэгіянальную бяспеку, а таксама магчымае месца дэмакратычнай Беларусі ў будучай сістэме бяспекі.
Удзельнікі маюць намер разгледзець, ці можа падтрымка Украіны з боку беларускіх дэмакратычных сіл стаць асновай паўнавартаснага партнёрства. Асобная ўвага будзе нададзена міграцыйным, банкаўскім і сацыяльным праблемам беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне, а таксама іх ролі і адказнасці ва ўкраінскім грамадстве падчас вайны.
У праграму таксама ўвайшлі дыскусіі пра сумеснае супрацьдзеянне ідэалогіі «рускага свету», ролю культуры і спосабы зрабіць голас антываеннай часткі беларускага грамадства больш прыкметным ва Украіне. Яшчэ адной тэмай стане будучыня беларускіх добраахвотнікаў і перспектывы больш шырокага беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў сферы бяспекі.
На форуме прадставяць вынікі новых даследаванняў беларуска-ўкраінскіх адносін. З падрабязнай праграмай можна азнаёміцца на сайце Free Belarus Center.
Форум Астрожскіх уяўляе сабой рэгулярную беларуска-ўкраінскую экспертную пляцоўку. Яго грамадска-палітычная частка традыцыйна праходзіць у Кіеве, а экспертная — у Львове.
Арганізатарамі выступаюць Free Belarus Center, Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма», Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, інстытут «Палітычная сфера», цэнтр «Еўрапейскі дыялог» і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі. Форум праводзіцца пры падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра, Фонду імя Фрыдрыха Эберта і Міжнароднага фонду «Адраджэнне».
Рэгістрацыя для ўдзельнікаў і прадстаўнікоў СМІ адкрыта анлайн.
