Новы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі паехаў вучыцца ў Брэсцкую вобласць.
Пра рабочы візіт Рагожніка, здзейснены па даручэнні Лукашэнкі, паведамілі ў выканкаме Брэсцкай вобласці.
«Аляксандр Рагожнік сумесна з першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім наведаў пляцоўкі кампаніі „Савушкін“ у Бярозе і Бярозаўскім раёне. Мэта візіту — вывучэнне эфектыўных практык перапрацоўкі малака і сучасных тэхналогій вытворчасці малочнай прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама Рагожніка, ужо ў суправаджэнні старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка, павезлі на брэсцкі завод «Савушкіна».
Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прыцягвае бізнесменаў Аляксандра Машэнскага і Яўгена Баскіна для вырашэння праблем Віцебскай вобласці. «Савушкін прадукт» кантралюецца Аляксандрам Машэнскім.
