Праваабаронцы паведамляюць пра больш як 60 ператрусаў па «справе ЕГУ»

Корпус Европейского гуманитарного университета в Вильнюсе Галоўнае
Корпус Европейского гуманитарного университета в Вильнюсе. Фото: 34travel.me

Праваабаронцам «Вясны» вядома ўжо пра больш як 60 ператрусаў у выпускнікоў, студэнтаў і іншых звязаных з універсітэтам людзей, а таксама іх сваякоў.

Ператрусы працягваліся і сёння. Сілавікі прыходзяць да людзей на працу, некаторым тэлефануюць і просяць з’явіцца на гутарку.

Нагадаем, Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзеючы ў Вільнюсе ЕГУ разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, «альтэрнатыўных» трактоўкаў гістарычных, культурных і іншых падзей».

Праваабаронцы паведамлялі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле артыкула аб садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмісцкай дзейнасці». У межах справы па ўсёй краіне праходзяць ператрусы ў людзей, якія маюць дачыненне да ўніверсітэта.

Сілавікаў цікавіць аплата навучання ва ўніверсітэце з 2016 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.