Пракуратура Мінска ў сераду паведаміла аб накіраванні ў суд крымінальнай справы па абвінавачанні 43-гадовага грамадзяніна ў здзяйсненні “злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”. Гаворка ідзе пра спецыяльную вытворчасць у дачыненні да палітолага Дзмітрыя Балкунца. СК абвясціў пра яе пачатак у студзені гэтага года.
“Паводле матэрыялаў крымінальнай справы абвінавачаны, сярод іншага, у 2020-2024 гадах стварыў і размясціў не менш за 28 інфармацыйных публікацый пабуджальнага характару, у тым ліку на YouTube-канале «Дзмітрый Балкунец», у якіх заклікаў да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь; прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; прымянення мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе фізічных і юрыдычных асоб”, – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама ў ім гаворыцца, што ў 2022-2023 гадах абвінавачаны сумесна з іншымі асобамі кіраваў “экстрэмісцкім фармаваннем” «Форум дэмакратычных сіл Беларусі».
Канчатковае абвінавачанне ўключае восем артыкулаў КК:
- ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады),
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый супраць Беларусі);
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім);
- ч.ч. 1, 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- ч.ч.1, 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
- ч.ч. 1, 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
- арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі).
Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца для барацьбы з палітычнымі апанентамі Лукашэнкі і іншадумствам у цэлым.
