Пляцоўку тэхнапарка на тэрыторыі “Мотавела” плануюць акупіць за два гады

Навіны
Скриншот видео

Мінскі гарадскі тэхнапарк плануе акупіць пляцоўку на тэрыторыі “Мотавела” за два гады. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню расказаў дырэктар парка Уладзімір Давідовіч.

“Сумарна рэзідэнтамі тэхнапаркаў, якіх на 30 снежня было 80 прадпрыемстваў, выпушчана 595 млн рублёў прадукцыі, з іх на Партызанскім, 8, дзе мы зараз знаходзімся — 407 млн. Аб’ём выплачаных у бюджэт сродкаў з Партызанскага — гэта 40 млн рублёў у год. То-бок праект акупляецца, калі наша першая пляцоўка на Солтыса ўжо акупілася, тут мы ў працэсе. Я думаю, праз годзікі два ўжо акупімся”, — сказаў ён.

Тэрыторыя мотовелазавода, аддадзеная пад парк, складае 27,5 га. Тут знаходзіцца 180 тыс. кв. м плошчаў. Там ужо працуе 40 рэзідэнтаў. Акрамя вытворчых плошчаў, тут арганізавана гандлёвая вуліца. Рэзідэнтамі парка становяцца прадпрыемствы, чыя прадукцыя прызнана інавацыйнай. Яны карыстаюцца льготамі.

“Па-першае, зразумела, тут льготная арэнда — прыкладна 12 рублёў за кв. м з ПДВ, але звыш гэтага аплачваюцца яшчэ эксплуатацыйныя і камунальныя паслугі. Але так усюды. Тут распараджэннем прэзідэнта прадугледжаны спецыяльны прэферэнцыяльны рэжым для рэзідэнтаў тэхнапарка. Гэта 0% падатку на прыбытак на працягу пяці гадоў пасля рэгістрацыі тут на тэрыторыі. На працягу пяці гадоў можна без мытных пошлін і ПДВ увезці тэхналагічнае абсталяванне, якое таксама будзе працаваць на гэтай тэрыторыі. Ну і, канечне ж, кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі. Гэта таксама адыгрывае важную ролю”, — расказаў Давідовіч.

Парк будзе пашырацца. Асвойваецца пляцоўка на вуліцы Цэнтральнай. Там раней размяшчаліся агароднінасховішчы, пабудаваныя яшчэ ў 1947 годзе. Там зараз ідзе будаўніцтва. Увосень плануецца завяршыць пяць будынкаў плошчай больш за 17 тыс. кв. м. Парк ужо набірае рэзідэнтаў на гэтую пляцоўку. Там жа побач пазней плануецца ўзвесці 25 тыс. кв. м плошчаў.

“Што датычыцца вуліцы Казінца, ва ўзаемадзеянні са структурамі Мінаблвыканкама зараз ідзе працэс перадачы гэтага ўчастка гораду, Мінгарвыканкаму. Ну і затым мы ўжо прыступім, у прынцыпе, ужо прыступілі да перадпраектнай падрыхтоўкі, але пасля перадачы ўжо пачнём праектаванне. І там таксама арыентуемся на тое, што будуць вытворчыя будынкі, і туды ўжо таксама ёсць прэтэндэнты”, — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны