У Мінскім гарадскім тэхнапарку разгорнута вытворчасць батарэй для беспілотнікаў і інавацыйнай кавы. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню расказаў дырэктар парка Уладзімір Давідовіч.
“Ёсць фірма ў тэхнапарку, якая робіць беспілотныя электрычныя верталёты, якія патрэбныя для неваенных мэтаў. Гэта грамадзянская авіяцыя, значыць, менавіта авіяцыя, якая поўнасцю забяспечвае і нават замяняе такія верталёты, як Мі-8. Яны патрэбныя для трасіроўкі ліній электраперадач у цяжкадаступных месцах, нафтаправодаў, газаправодаў, у транспарціроўцы нейкіх узораў карысных выкапняў альбо дастаўкі медыцынскіх прэпаратаў у цяжкадаступныя месцы. І вось для таго, каб яны ляталі, патрэбныя батарэі электрычныя. Начынне, самі элементы пастаўляюцца, зразумела, з Кітая. Але затым зборка, кампаноўка, кіраванне, значыць, софт і самі карпусы робяцца ў тэхнапарку”, — сказаў ён.
Таксама, паводле яго слоў, у парку ёсць рэзідэнт, які займаецца выпускам буравых галовак, што выкарыстоўваюцца еўрапейскімі спажыўцамі.
“У нас нават ёсць інавацыйная кава. Цяпер гэтую каву выкарыстоўваюць у “Белавія”, у бізнес-класе, у цягніках. Гэта не таблеткі для кавамашын, гэта жывая натуральная кава, якую вы проста выціскаеце ў кубак, заліваеце кіпнем і атрымліваецца кава якасці такой, як вось у кавярні, як барыста вам зрабіў”, — дадаў ён.
Давідовіч расказаў, што на былой тэрыторыі “Мотавела” знаходзіцца ўжо 40 рэзідэнтаў. У асноўным гэта вытворчыя, інжынірынгавыя прадпрыемствы, у прыватнасці вытворцы спецтэхнікі, напрыклад, для перавозкі асабліва буйнагабарытных грузаў, небяспечных грузаў, вакуумных экскаватараў, тэхнікі для прамыўкі ліўневай каналізацыі.
“Тут нават ёсць такі міні-станкабудаўнічы завод, які рэнавуе старадаўнія, старыя, яшчэ ў часы Савецкага Саюза, пабудаваныя станкі. То-бок яны іх асучасніваюць, дадаюць туды праграмнае забеспячэнне, і гэта, у прынцыпе, становіцца сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Тут вырабляюць абсталяванне для перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, то-бок для атрымання алею з сельскагаспадарчых культур, такіх як рапс, сланечнік, лён і гэтак далей. Тут вырабляюць нейкую робатызаваную тэхніку”, — паведаміў дырэктар парка.
Таксама на тэрыторыі парка працуе вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў, абсталявання медыцынскага прызначэння, расходных медыцынскіх матэрыялаў.
