Перамовы паміж ЗША і Іранам у Ісламабадзе завяршыліся без дасягнення пагаднення. Дэлегацыі абедзвюх краін пакінулі сталіцу Пакістана, дзе на працягу 21 гадзіны спрабавалі знайсці выхад з ваеннага канфлікту, піша Reuters.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, які ўзначальваў амерыканскую дэлегацыю, заявіў журналістам, што Іран адмовіўся прыняць амерыканскія ўмовы, у тым ліку адмовіцца ад стварэння ядзернай зброі.
“Дрэнная навіна заключаецца ў тым, што мы не дасягнулі пагаднення, і я думаю, што гэта значна горшая навіна для Ірана, чым для Злучаных Штатаў Амерыкі, — сказаў ён. – Такім чынам, мы вяртаемся ў ЗША, так і не дасягнуўшы пагаднення. Мы вельмі выразна абазначылі, дзе праходзяць нашы чырвоныя лініі».
Як паведамілі Reuters пакістанскія крыніцы, дэлегацыі ЗША і Ірана пакінулі Ісламабад і накіраваліся дадому.
Вэнс заявіў, што Іран вырашыў не прымаць амерыканскія ўмовы, у тым ліку аб адмове ад стварэння ядзернай зброі.
«Нам неабходна ўбачыць цвёрдае абавязацельства аб тым, што яны не будуць імкнуцца да стварэння ядзернай зброі і не будуць імкнуцца да набыцця сродкаў, якія дазволілі б ім хутка стварыць ядзерную зброю. Гэта асноўная мэта прэзідэнта Злучаных Штатаў, і менавіта гэтага мы спрабавалі дасягнуць у ходзе гэтых перамоваў», – заявіў ён.
Іранскія СМІ, у сваю чаргу, назвалі патрабаванні амерыканскага боку празмернымі, а прадстаўнік МЗС Ірана адзначыў, што перамовы праходзілі ў атмасферы недаверу.
Галоўнымі камянямі спатыкнення сталі Армузскі праліў і ядзерная праграма Ірана. Тэгеран настойвае на кантролі над пралівам, праз які праходзіць каля 20% сусветных паставак энерганосьбітаў, выплате ваенных рэпарацый і спыненні агню ў Ліване. Сотні танкераў па-ранейшаму застаюцца заблакіраванымі ў Персідскім заліве ў чаканні выхаду праз праліў у перыяд двухтыднёвага перамір’я.
У склад амерыканскай дэлегацыі ўваходзілі спецпасланнік Стыў Уіткаф і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер. Іранскі бок прадстаўлялі спікер парламента Махамад Багер Галібаф і міністр замежных спраў Абас Аракчы. Перамовы сталі першай прамой сустрэчай ЗША і Ірана за больш чым дзесяцігоддзе і самымі высокаўзроўневымі перамовамі з часоў ісламскай рэвалюцыі 1979 года.
