Пасольства Польшчы ў Мінску змяніла парадак запісу на візіты ў консульскі аддзел па пытаннях, звязаных з Картай паляка. Цяпер падаць заяўку на прыём па шэрагу працэдур можна толькі праз электронную пошту.
Гаворка ідзе пра падаўжэнне тэрміну дзеяння Карты паляка, атрыманне яе дубліката, а таксама афармленне новай карты ў выпадку змены персанальных даных уладальніка. Для рэгістрацыі неабходна адправіць ліст на адрас консульскага аддзела [email protected], указаўшы асабістыя даныя заяўніка, дату нараджэння, адрас рэгістрацыі ў мінскай консульскай акрузе і тэрмін дзеяння наяўнай карты.
Пры гэтым у тэме ліста заяўнік павінен указаць спецыяльную фармулёўку, якая адпавядае мэце візіту — напрыклад, падаўжэнне карты, атрыманне дубліката або змяненне даных.
- Karta Polaka_przedłużenie_pełnoletność
- Karta Polaka_przedłużenie
- Karta Polaka_duplikat
- Karta Polaka_zmiana danych
Новая працэдура распаўсюджваецца не на ўсіх заяўнікаў. Скарыстацца ёю змогуць толькі асобныя катэгорыі грамадзян: асобы, якія падаўжаюць Карту паляка пасля дасягнення паўналецця, людзі старэйшыя за 65 гадоў, а таксама заяўнікі, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. У пасольстве ўдакладнілі, што такія выпадкі будуць разглядацца індывідуальна.
У дыпламатычным прадстаўніцтве таксама нагадалі, што Карту паляка могуць атрымаць людзі, якія заяўляюць пра прыналежнасць да польскага народа і адпавядаюць патрабаванням закона аб Карце паляка ад 7 верасня 2007 года. Сярод асноўных умоў — базавае веданне польскай мовы, а таксама знаёмства з польскай культурай, традыцыямі і звычаямі.
Акрамя таго, заяўнікі могуць вырашаць шэраг пытанняў, звязаных з Картай паляка, непасрэдна ў Польшчы. Ва ўсіх ваяводскіх упраўленнях краіны прымаюць заявы на падаўжэнне тэрміну дзеяння карты, выдачу дублікатаў і замену дакумента ў выпадку змянення даных уладальніка.
